34 гады таму быў скасаваны СССР
4- 8.12.2025, 8:28
- 2,464
8 снежня 1991 года ў рэзідэнцыі «Віскулі» былі падпісаныя Белавежскія пагадненні.
Белавежскае пагадненне паставіла кропку ў гісторыі Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Пра спыненне яго існавання абвясцілі лідары тых савецкіх рэспублік, якія ў 1922 годзе яго і заснавалі. Ад Беларусі пагадненне падпісалі старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч і прэм'ер-міністр Вячаслаў Кебіч.
21 снежня, у Алматы кіраўнікі 11 былых саюзных рэспублік (акрамя балтыйскіх краін і Грузіі) падпісалі пратакол, у якім падкрэслілі, што Азербайджанская Рэспубліка, Рэспубліка Арменія, Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан, Кіргізская Рэспубліка, Рэспубліка Малдова, Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Таджыкістан, Туркменістан, Рэспубліка Узбекістан і Украіна на роўнапраўных пачатках утвараюць Садружнасць Незалежных Дзяржаў.
Удзельнікі сустрэчы прынялі дэкларацыю, якая пацвердзіла прыхільнасць былых саюзных рэспублік супрацоўніцтву ў розных сферах знешняй і ўнутранай палітыкі, абвясціла гарантыі выканання міжнародных абавязацельстваў былога СССР.
У снежні 1993 года да СНД далучылася Грузія, якая пакінула яе ў 2009 годзе пасля ўзброенага канфлікту з Расіяй.
Дыктар Беларусі Аляксандр Лукашэнка неаднаразова выказваў шкадаванне з-за падпісання Белавежскіх пагадненняў і крытыкаваў кіраўнікоў Беларусі, Украіны і Расіі, якія паставілі свае подпісы пад гістарычным дакументам. Месцазнаходжанне яго арыгінала невядома.
«Апошні раз я бачыў арыгінал Белавежскага пагаднення, калі яго падпісваў, — расказваў раней першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. — Больш я яго не бачыў. Ведаю, што па-руску была факсімільная копія, то бок ксеракопія, якую потым гартаў у дакументах. Але я зыходжу з таго, што на момант падпісання Белавежскага пагаднення яго дэпазітарыем, гэта значыць захавальнікам, выступала МЗС Беларусі. Але пытанне — хто і чаму паводзіў сябе неахайна? — У мяне пакуль без адказу…»
Паколькі Пагадненне аб стварэнні СНД было апублікавана ў афіцыйных выданнях, зарэгістравана пасля яго ратыфікацыі ў парламенце ў вызначаным парадку, яно і сёння, нягледзячы на адсутнасць сапраўднага тэксту ў дэпазітарыя, не страціла юрыдычнай сілы з усімі вынікаючымі адсюль прававымі наступствамі.