У Вілейцы згубілі помнік прыроды рэспубліканскага значэння
3- 5.12.2025, 18:55
- 2,392
Як гэта магло здарыцца?
Міністэрства прыродных рэсурсаў пастановай № 62 ад 27 лістапада 2025 года спыніла эксплуатацыю помніка прыроды «Любецкі валун» з кароткай і загадкавай фармулёўкай «у сувязі са стратай каштоўнага прыроднага аб’екта», піша тэлеграм-канал «Спадчына».
Гэта шэры парфірападобны граніт памерам 2×1,7 метра і вышынёй 1,35 метра. Ён меў паліраваную паверхню і характэрныя паглыбленні, якія маглі сведчыць пра яго культовае выкарыстанне ў старажытнасці.
Валун быў знойдзены ў 1997 годзе даследчыкамі Валерыем Вінакуравым і Аляксандрам Зайцавым недалёка ад вёскі Любкі. Пазней камень перавезлі ў Вілейку і ўстанавілі на вуліцы Волынца, побач з мэблевай фабрыкай. У 2000 годзе ён стаў помнікам прыроды, а ў 2007 годзе атрымаў рэспубліканскі статус.



Галоўнае пытанне: як велізарны камень вагой у некалькі тон, што ляжаў у горадзе з вялікім знакам гісторыка-культурнай каштоўнасці на пярэднім баку, мог незаўважна «знікнуць»?
Загадкавая фармулёўка «у сувязі са стратай каштоўнага прыроднага аб’екта» можа азначаць як крадзеж (валуны часта становяцца ахвярамі дачнікаў, якія вывозяць іх для ўпрыгожвання сваіх участкаў — такія выпадкі ўжо былі), так і фізічнае знішчэнне — камень маглі проста разбіць або закапаць падчас чарговага «добраўпарадкавання» тэрыторыі перад заводам.