5 снежня 2025, Пятніца, 7:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вучоныя знайшлі найстаражытнейшае адлюстраванне стварэння свету

3
Вучоныя знайшлі найстаражытнейшае адлюстраванне стварэння свету
Фота: The Israel Museum, Jerusalem/Ardon Bar Hama

На кубку, якому 4300 гадоў, паказаны момант аддзялення нябёс ад Зямлі.

На Заходнім беразе ракі Іардан вучоныя знайшлі срэбны кубак, якому 4300 гадоў. Як высветлілася, на ім адлюстроўваецца ўзнікненне Сусвету з першапачатковага хаосу, што робіць малюнак найстаражытнейшым адлюстраваннем міфа пра стварэнне свету.

«Гэта неверагодны дызайн. З дапамогай усяго некалькіх ліній ён распавядае вельмі складаную гісторыю», — кажа Эберхард Цангер з Фонду лувійскіх даследаванняў, некамерцыйнай арганізацыі ў Швейцарыі.

Срэбны кубак, вышынёй 8 сантыметраў, быў знойдзены ў старажытнай грабніцы на заходняй ускраіне Урадлівага Паўмесяца — рэгіёна, дзе квітнелі раннія цывілізацыі, паведамляе New Scientist.

На кубку намаляваныя дзве міфічныя сцэны. На першай выяве вялізная змяя падымаецца стоймя і сустракае хімеру, у якой чалавечы торс, але ногі жывёлы. Абодва персанажы стаяць над невялікім колам, якое нагадвае кветку.

На другой выяве змяя ляжыць на зямлі пад значна большай кветкай. Яе падтрымліваюць дзве гуманоідныя фігуры.

Калі археолагі ўпершыню знайшлі кубак, яны выказалі здагадку, што на ім адлюстраваныя сцэны з вавілонскага міфа пра стварэнне свету. Аднак іншыя даследчыкі адзначалі, што кубак на 1 тыс. гадоў старэйшы за сам вавілонскі міф.

Пасля гэтага вучоныя меркавалі, што кубак увасабляе нараджэнне новага года і смерць старога.

Але каманда Цангера лічыць, што першапачатковая інтэрпрэтацыя малюнкаў была слушная. Сцэны на кубку сапраўды паказваюць фармаванне Сусвету, але адносяцца да больш старажытнага міфа.

У першай сцэне, на думку каманды Цангера, пануе хаос. Хімера ўвасабляе слабога бога, які зліўся з жывёламі. Пад яе нагамі невялікі круг, падобны да кветкі, сімвалізуе бяссільнае сонца. Усім гэтым хаосам кіруе пачвараная змяя. Але ў другой сцэне з хаосу мірна ўзнікае парадак. Багі аддзяляюцца ад жывёл, ператвараючыся ў магутных чалавекападобных персанажаў. Яны трымаюць гэтак жа магутнае сонца наверсе, у «нябеснай ладдзі», што ўказвае на тое, што нябёсы цяпер аддзеленыя ад Зямлі. Пачвараная змяя хаосу, пераможаная, ляжыць пад сонцам.

Цангер адзначае, што існуюць клінапісныя тэксты з іншых раёнаў Урадлівага Паўмесяца, блізкія па ўзросце да кубка, у якіх апісваецца, як багі аддзялілі нябёсы ад Зямлі. Такім чынам, на момант стварэння кубка жыхары гэтага рэгіёна ўжо склалі свае паданні пра стварэнне свету.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках