У Егіпце адкрылі грандыёзны музей пасля больш як 20 гадоў будаўніцтва
2- 1.11.2025, 22:46
- 5,616
Усе скарбы Тутанхамона выстаўлены на ўсеагульны агляд.
Вялікі Егіпецкі музей, пабудаваны ў цені піраміды Хеопса — адзінага з сямі цудаў Старажытнага свету, што захаваўся да нашых дзён, — нарэшце адчыніў свае дзверы, перадае BBC.
На тэрыторыі плошчай 500 тысяч кв. м, у два разы большай за Лувр, прадстаўлена ад 70 да 100 тысяч экспанатаў, у тым ліку раней не выстаўляныя скарбы з грабніцы юнага фараона Тутанхамона.
Анансаваны ў 2002 годзе і планаваны да адкрыцця ў 2012-м, музей сутыкнуўся з затрымкамі з-за павелічэння выдаткаў на будаўніцтва, палітычных узрушэнняў, пандэміі кавіду і рэгіянальных канфліктаў.
Мегапраект каштаваў прыблізна 1,2 млрд долараў, большая частка гэтай сумы была профінансавана за кошт крэдытаў Японскага агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва (JICA).
Зямля таямніц і ведаў

Музей, названы прэм’ер-міністрам Егіпта Мустафой Мадбулі «падарункам свету», імкнецца падкрэсліць значнасць і ўплыў егіпецкай культуры і падтрымаць эканоміку, якая перажывае цяжкасці.
«Старажытны Егіпет зачароўвае ўсіх», — кажа прафесар Саліма Ікрам з Каірскага ўніверсітэта.
«Нават грэкі, рымляне і фінікійцы лічылі Егіпет зямлёй таямніц і ведаў».
Музей спадзяецца аднавіць сувязь сучасных егіпцянаў з іх спадчынай.
«Гэта выкліча вялікі нацыянальны гонар, — кажа Ікрам, — што зробіць старажытны Егіпет бліжэйшым да паўсядзённага жыцця егіпцянаў».
Дзень адкрыцця музея быў абвешчаны дзяржаўным святам, на яго запрасілі дзясяткі сусветных лідараў.
Вяртанне Тутанхамона
Тутанхамон пакорвае сэрцы людзей з таго часу, як брытанскі егіптолаг Говард Картер адкрыў яго забытую грабніцу ў Даліне Цароў у 1922 годзе.
Цяпер, пасля дзесяцігоддзяў экспанавання ў гарадах па ўсім свеце, ягоная залатая маска, трон і больш за 5 тысяч скарбаў, пахаваных разам з ім (многія ніколі не выстаўляліся публічна), упершыню будуць прадстаўлены ў поўным аб’ёме.
«Сабраць усе знаходкі з грабніцы Тутанхамона ў адным месцы было проста ашаламляльна», — кажа прафесар Ікрам.
«Мяркую, што большасць турысцкіх груп сканцэнтруюць сваю ўвагу на галерэях Тутанхамона, пакінуўшы астатнюю частку музея для адданых энтузіястаў», — кажа куратар аддзела Егіпта і Судана Манчэстэрскага музея Кэмпбэл Прайс, які ўжо наведаў новы музей.
Разам са скарбамі Тутанхамона тут прадстаўлены і іншыя прыкметныя экспанаты, у тым ліку велізарная статуя Рамсэса II, узрост якой перавышае 3200 гадоў і якая сустракае наведнікаў у галоўнай зале.
Гэтая статуя, як і многія іншыя старажытныя скарбы, прайшла доўгі шлях.
Яна стаяла перад галоўным чыгуначным вакзалам Каіра на працягу 51 года, перш чым яе перавезлі ў новы музей па вуліцах горада.
Ёсць таксама спецыяльны раздзел, прысвечаны Сонечнай ладдзі фараона Хеопса — пахавальнаму судну ўзростам 4600 гадоў, якое лічыцца адным з найстарэйшых і найлепш захаваных караблёў у свеце.
Вяртанне егіпецкай спадчыны
Для Захі Хаваса — археолага, якога часта называюць егіпецкім Індыянай Джонсам, — адкрыццё музея — гэта больш, чым проста дэманстрацыя скарбаў. Гэта праяўленне мяккай сілы і спроба вярнуць Егіпту яго спадчыну.
«Прыйшоў час стаць вучонымі, якія даследуюць нашыя ўласныя помнікі, — кажа ён. — У Даліне Цароў адкрылі 64 царскія грабніцы. Ні адна з іх не была раскопаная егіпцянамі».
Большасць буйных адкрыццяў у Егіпце, уключаючы грабніцу Тутанхамона, былі зроблены амаль выключна замежнымі археолагамі, адзначае Хавас.
Ён даўно паўтарае, што егіпцяне павінны ўзяць на сябе вядучую ролю ў вывучэнні і захаванні сваёй спадчыны, і зрабіў гэта справай свайго жыцця.
Генеральны дырэктар Луксорскага музея Абдельгафар Вагдзі згодны, што новы музей — гэта крок у гэтым напрамку.
«З 2002 года егіпталогія ў Егіпце ўступіла ў новую дынамічную фазу, — кажа ён. — Расце пачуццё прыналежнасці да гісторыі, і егіпецкія вучоныя і рэстаўратары цяпер узначальваюць многія буйныя раскопкі і праекты па захаванні аб’ектаў культурнай спадчыны».
Хаця музей задумваўся як прастора для ўсіх егіпцянаў, для некаторых кошт уваходнага білета будзе непамерна высокі. Білет для дарослага егіпцяніна каштуе 200 егіпецкіх фунтаў (каля 4 долараў). Гэта менш, чым 1200 фунтаў (25 долараў), якія плацяць замежныя наведвальнікі, але ўсё адно занадта дорага для многіх мясцовых жыхароў.
Новая эра археалогіі
Для Хаваса адкрыццё Вялікага Егіпецкага музея азначае не толькі захаванне мінулага, але і спосаб забяспечыць будучыню Егіпта як цэнтра навуковых адкрыццяў.
Акрамя манументальных галерэй, у комплексе размешчаны адны з самых сучасных лабараторый па кансервацыі і даследаваннях у рэгіёне. У іх егіпецкія і міжнародныя каманды будуць працягваць даследаваць, аднаўляць і адкрываць новае на працягу дзесяцігоддзяў.
«Зараз я вяду раскопкі ў Луксоры, у Даліне Цароў. Я вяду раскопкі ў Сакары, — кажа Хавас. — Мы знайшлі толькі 30% нашых помнікаў. 70% усё яшчэ схавана пад пластом пяску».
Нават цяпер, калі музей адчыняе свае прасторныя залы для публікі, найвялікшыя скарбы Егіпта ўсё яшчэ чакаюць свайго часу. Новая эра егіпецкай археалогіі толькі пачынаецца.