5 снежня 2025, Пятніца, 7:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За што ў Расіі помсцілі чукчам

21
За што ў Расіі помсцілі чукчам
Зоя Казанжы

Рускія 130 гадоў не маглі заваяваць гэты мужны народ.

Вы ж памятаеце анекдоты пра чукчаў? Пра ўсе народы былі анекдоты, прыдуманыя ў нетрах КДБ. Але пра чукчаў, мне здаецца, самыя абразлівыя.

Савецкая сістэма і такім чынам таксама помсціла чукчам. Ведаеце за што? За тое, што рускія 130 гадоў спрабавалі заваяваць чукчаў. І не змаглі гэтага зрабіць менавіта ваенным шляхам.

Руска-чукотскія войны працягваліся з 1641-га па 1778 год. І гэта быў адзіны прыклад, калі Расійская імперыя прызнала сваю ваенную паразу і была вымушаная перайсці да мірнай дамовы і гандлю.

Ні адзін іншы народ Сібіры так доўга і крывава не змагаўся. Ні адзін. Чукчы не ішлі ні на якія перамовы з ворагам. Чукотскія ваяры не раз вынішчалі экспедыцыйныя атрады рускіх і да падмурка разбуралі закладзеныя імі крэпасці. Да 1720-га года ва ўсёй Сібіры, непакоранай рускімі, засталася толькі тэрыторыя, населеная чукчамі.

Калі рускія казакі дасягнулі Чукоткі ў XVII стагоддзі, іх галоўнай мэтай было спагнанне ясака (пушной даніны). Аднак чукчы, у адрозненне ад многіх іншых сібірскіх народаў, рашуча адмаўляліся яго плаціць і аказвалі люты ўзброены супраціў. Першая зафіксаваная сутычка адбылася ў 1641 годзе, калі чукчы напалі на рускіх збіральнікаў ясака ў раёне Калымы.

У 1649 годзе на рацэ Анадыр быў заснаваны Анадырскі астрог (крэпасць), які стаў галоўнай базай расійскай ваеннай і адміністрацыйнай прысутнасці на крайнім паўночным усходзе.

У XVIII стагоддзі Расійская імперыя накіравала маштабныя ваенныя экспедыцыі для падпарадкавання чукчаў. Адна з іх вядомая як Анадырская партыя. Гэтыя паходы ўзначальвалі Афанасій Шастакоў і маёр Дзмітрый Паўлуцкі. Абодва там і загінулі. Атрад Паўлуцкага быў знішчаны, а атрад Шастакова — захоплены.

У вайне з чукчамі ўдзельнічаў нават расійскі флот. Расійскія войскі звярталіся да жорсткіх метадаў — знішчалі стойбішчы, забівалі старэйшын. Нічога не нагадвае? Сотнік Васіль Шыпіцын паклікаў на перамовы 12 чукотскіх старэйшын і ўсіх іх забіў.

Часта чукчы здзяйснялі самагубства цэлымі сем’ямі, каб не загінуць ад рук заваёўнікаў. І адказвалі партызанскімі дзеяннямі, наносячы рускім значныя страты. Яны пазбягалі прамых сутыкненняў з вялікімі атрадамі, узброенымі гарматамі, замест гэтага атакоўвалі невялікія групы, абозы і астрогі, знясільваючы праціўніка.

Чукчы дэманстравалі выключную мабільнасць, мужнасць і знаходлівасць.

І рускія пацярпелі паразу. Утрыманне Анадырскага астрога абыходзілася захопніцкай імперыі больш як у 1 мільён рублёў. А выручка ад ясака была мізэрнай. Уся імперыя з кучай грошай не змагла далей цягнуць знясільвальную для сябе вайну супраць значна меншага па колькасці і рэсурсах народа. Чукчы абаранялі сваё. Расіяне імкнуліся забраць тое, што ім не належала.

І тады Расія была вымушаная змяніць тактыку. Гэта быў эканамічна-дыпламатычны кампраміс. У 1788 годзе на рацэ Анюй адкрылі кірмаш — тыпу «эканамічная інтэграцыя праз узаемавыгадны гандаль». У 1779 годзе імператрыца Кацярына II падпісала ўказ аб прыняцці чукчаў у расійскае падданства. Чукчы афіцыйна прынялі расійскае падданства, але фактычна захавалі самакіраванне і свабоду. Што дазволіла ім заставацца адносна незалежнымі да савецкага часу.

І ўжо Савецкі Саюз завяршыў каланізацыю чукчаў канчаткова. Знішчаючы мову, культуру, традыцыйныя рамёствы, мастацтвы, грамадскі лад, ваяўнічы дух, рэлігію, фальклор, міфалогію.

Чукчы не патрэбныя Расіі. Як і іншыя народы Сібіры. І гэта ў значнай ступені звязана з Арктыкай, якая змяшчае значныя запасы нафты, газу і мінералаў. Карэнныя народы патрабуюць захавання сваіх правоў пры распрацоўцы гэтых рэсурсаў, у тым ліку права на справядлівую кампенсацыю і ўдзел у прыбытках ад здабычы рэсурсаў на іх гістарычных землях.

Крыху фактаў:

1. Этнічная колькасць чукчаў складае каля 15–16 тысяч чалавек.

2. Сярод карэнных народаў чукчы з'яўляюцца найбольш шматлікімі. Усе астатнія значна меншшыя.

3. Найбуйнейшай групай насельніцтва Чукотскай аўтаномнай акругі застаюцца рускія — каля 50% паводле перапісу 2010 года.

4. Толькі 5–7 тысяч чалавек актыўна размаўляюць па-чукотску. Руская мова выцясняе родную мову.

5. Чукотская мова мае адрозненні ў вымаўленні паміж мужчынамі і жанчынамі, звязаныя з табу на вымаўленне імёнаў сваякоў мужчыны.

6. Аснова жыцця чукчаў — развядзенне аленяў. Алень быў усім: ежай, транспартам, адзеннем, жыллём і матэрыялам для прыладаў працы.

7. Чукчы былі вядомыя сваім ваяўнічым характарам. Гэты народ загартаваны ў вайсковым плане. Кожны мужчына быў гатовым ваяром.

8. Чукчы мелі высокі ўзровень самаарганізацыі. Адсутнасць цэнтралізаванай улады або правадыроў ускладняла іх падпарадкаванне. Нават пасля падпісання міру любая асобная грамада магла аднавіць баявыя дзеянні.

9. Чукчы верылі, што ўсе прыродныя аб'екты (сонца, месяц, рэкі, горы, алені, марскія звяры) маюць дух. Цэнтральная фігура — шаман. Ён выступаў пасярэднікам паміж светам людзей і светам духаў, лячыў хваробы, прарочыў і суправаджаў душы памерлых.

10. Разьба па косці і маржовым ікле — самы вядомы від чукотскага мастацтва, прызнаны ў свеце і ахоўваецца ЮНЕСКА.

11. Чукчы з'яўляюцца аднымі з самых уразлівых да кліматычных змен народаў, таму тэма змянення клімату і ўплыву на традыцыйны лад жыцця — гэта пытанне жыцця і смерці.

12. Чукчы, як і многія іншыя карэнныя народы Поўначы, маюць генетычную асаблівасць, якая прыводзіць да запаволенага расшчаплення алкаголю ў арганізме. Гэта робіць іх больш адчувальнымі да яго ўздзеяння і павышае рызыку развіцця алкагольнай залежнасці. Але справа не толькі ў генетыцы. Генетычны фактар у спалучэнні з сацыяльна-эканамічнымі цяжкасцямі, гістарычнымі травмамі і адсутнасцю традыцый ужывання алкаголю з'яўляецца прычынай высокай распаўсюджанасці праблем з алкаголем сярод гэтых народаў. Чым заўсёды карысталіся каланізатары.

13. Разам з рускімі да чукчаў праз карякаў, чуванцаў і юкагіраў прыйшлі заразныя хваробы, напрыклад, сіфіліс, які па-чукотску называецца «чуванскай або рускай хваробай».

Зоя Казанжы, Facebook

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках