Беларуская сям'я вырасціла 120 сартоў вінаграду і 50 відаў фундука
13- 11.10.2025, 21:51
- 9,056
Хобі ператварылася ў прыбытковую справу.
На Лоеўшчыне ўсё больш садоўнікаў вырошчваюць маліну, ажыну і чарніцу. А мясцовыя жыхары Алена і Дзмітрый Музычэнка вырашылі эксперыментаваць з паўднёвымі культурамі і заклалі вінаграднік і арэшнік. Іх захапленне ўжо перарасло ў невялікі сямейны бізнес, расказаў партал «Праўда Гомель».
Усё пачалося з аднаго саджанца вінаграду на ўчастку каля новага дома. Ідэя так захапіла сужэнцаў, што цяпер на іх 90 сотках расце больш за 120 сартоў гэтай ягады. Сярод іх — «Юпітэр», «Аркадыя», «Дар'я», «Мальчик с пальчик» і беларускі сорт «Падарунак Беларусі».

«Спачатку было складана, — прызнаецца Алена. — Мы з нуля вывучалі, як укарэніваць лазу, паліваць, падвязваць і абразаць яе ў патрэбныя тэрміны. Дапамагалі бацькі, асабліва калі мы ўзялі дадатковы ўчастак».
Дагляд за вінаграднікам цягнецца з красавіка да позняй восені. Каб лаза добра перажыла зіму, гаспадары ўкрываюць яе, а вясной вяртаюць на шпалеры. Праца акупляецца: адна гронка за сезон можа дасягаць трох кілаграмаў. Познаспелыя сарты радуюць сям'ю свежымі ягадамі да сярэдзіны зімы.

Пазней да вінаграду дадаўся і фундук. Сужэнцы высадзілі на ўчастку каля 300 саджанцаў амаль 50 сартоў, уключаючы «Каралеўскі з Трапезунда», «Іспалін» і «Шэдэўр». Чырваналісцевыя кусты арганічна ўпісаліся ў ландшафт, а хатнія арэхі аказаліся смачнымі і пажыўнымі.
З цягам часу хобі перарасло ў справу: сям'я прадае лішкі вінаграду і саджанцы.
«Людзі ахвотна звяртаюцца да нас, дзякуюць і рэкамендуюць іншым, — распавядае Дзмітрый. — Пра наш вінаград ведаюць нават за межамі раёна, пакупнікі прыязджаюць з Рэчыцы і Брагіна. З фундукам вялікіх аб'ёмаў пакуль няма, таму арэхамі мы толькі частуем блізкіх».