У Беларусі прадаюць лімузін Volvo з картэжу кіраўніка ГДР Хонэкера
9- 12.09.2024, 18:57
- 11,528
Як гэты рэдкі аўтамабіль патрапіў у Беларусь?
Унікальную машыну выставілі на продаж у Беларусі. Яе ўладальнік расказаў выданню «Першы», што гэты Volvo калісьці быў у картэжы кіраўніка Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі Эрыха Хонэкера! Беручы да ўвагі малы тыраж, гэтых машынаў засталіся адзінкі ў свеце. Як гэты рэдкі аўтамабіль патрапіў у Беларусь?
Лімузін Volvo 264 TE 1978 года выпуску. 2,7-літровы бензінавы рухавік, аўтамат, поўны прывад. 150 тысячаў кіламетраў прабегу. На сайце аб'яваў яго выстаўлялі за 8300 даляраў. Стан, вядома, патрабуе укладанняў. Але ў выдатным стане такую машыну ў Нямеччыне прадаюць сёння за 30 тысячаў даляраў.
А знайсці падобныя ў продажы можна вельмі рэдка. Рэч у тым, што такіх лімузінаў было выпушчана ўсяго 335 штук. Выпускалі іх з 1977 да 1983 года. І большасць з іх набылі для кіраўніцтва тады камуністычнай Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі, а таксама для спецслужбаў гэтай краіны. Лідар ГДР Эрых Хонэкер ездзіў на падобным лімузіне.
А гэты «беларускі» адкуль?
Карэспандэнт «Першага» звязаўся з уладальнікам лімузіна Сяргеем, каб высветліць яго гісторыю. Высветлілася, што ў яго некалькі рэдкіх аўтамабіляў. Ён расказаў, што набываў Volvo 264 TE у Расеі ў былога генерала КДБ.
«Ён казаў, што ў савецкія часы служыў у Нямеччыне, а гэты аўтамабіль быў у картэжы суправаджэння Хонэкера. А пасля аб'яднання Нямеччыны (пасля 1990 года), быў вывезены ў Расею», – расказаў Сяргей.
Так ён і быў у Расеі, пакуль прыкладна гадоў 7 таму Сяргей яго не выкупіў. Аднак да аднаўлення справа не дайшла, гаворыць уладальнік, бо быў заняты іншымі, яшчэ больш рэдкімі аўтамабілямі. У выніку ён нават выставіў машыну ў продаж, але цяпер, кажа, патрэба ў гэтым адпала, знайшоўся чалавек у Берасці, які зоймецца яе аднаўленнем.
Сяргей праехаў на ёй літаральна некалькі разоў.
«Адчуванне – як карабель. Вядома, гэтая машына ўладкаваная для камфорту задніх пасажыраў. Пра яе мінулае ў спецслужбах сведчаць нейкія мікрафоны, якія ёсць ззаду. Я, калі шчыра, нават не разбіраўся, што за яны», – расказаў Сяргей.
На фота машына, вядома, выглядае не вельмі, доўга стаяла. Сяргей кажа, што не ўваходзіла ў гараж. Але ён упэўнівае, што перспектывы на аднаўленне ў яе ёсць.
Што вядома пра гэтыя аўтамабілі
У тыя гады Швэцыя ўважалася за нейтральную краіну. Магчыма, таму і зважалі на яе аўтапрам розныя камуністычныя рэжымы. Першыя асобнікі Volvo 264 TE былі пабудаваныя ў Швэцыі. А потым знакамітая кампанія Bertone у Італіі выпусціла 335 такіх лімузінаў. Большасць былі чорнымі ці цёмна-сінімі.
Вядома, што падобны лімузін быў у караля Швэцыі Карла XVI Густава. Але большасць усё ж з'ехала да партыйнай і дзяржаўнай эліты Усходняй Нямеччыны.
264TE (расшыфроўваецца Top Executive) быў створаны на базе Volvo 264. Яе надтачылі да 5,6 метраў. Салон стаў сямімясцовым. У стандартнай камплектацыі стаяў бензінавы рухавік 2,7 V6. Для ўрадавых мадэляў было спецабсталяванне – рацыя, сіні маяк, лядоўня, падслухоўчыя прылады.
Абіўку салона зрабілі з нязвыклага плюшу. Усходненямецкія кіраўнікі не хацелі скуру, таму што яна была падобная на «плебейскі» скурзам, распаўсюджаны тады ў аўто гэтай краіны.
На задніх сядзеннях былі рэгуляваныя свяцільні для чытання, а таксама рэгулятар гучнасці гуку касетнай магнітолы. Дадаткова можна было заказаць фіранкі і тэлефон.
А яшчэ быў Volvo 264 TE landaulet – гэта версія такога лімузіна з адкідным верхам. Для парадаў.
Дарэчы
У калекцыі Сяргея ёсць яшчэ адзін аўтамабіль Volvo. Таксама даволі рэдкі, таму што яго завуць адным з самых няўдалых аўто гэтай маркі. Гэта мадэль 66 GL. Такіх малалітражак было выпушчана больш за 100 тысячаў штук у 1975–1980 гадах. Але засталося іх мала.
Малютка Volvo 66 GL. Гэтая машынка была для простых людзей. Яе стварылі на базе DAF, калі Volvo набыла большую частку акцый легкавога аддзялення гэтай кампаніі.