Радыёстанцыі ў Крыме абвясцілі аб нападзе на Крымскі мост
1- 22.03.2023, 11:02
- 10,742

Паведамленне было зробленае пасля ўдару марскіх дронаў па расейскім флоце ў Севастопалі.
На радыёстанцыях, якія транслююць сігнал на тэрыторыі часова акупаванага ўкраінскага Крыма з раніцы 22 сакавіка гучала паведамленне аб магчымым нападзе на Крымскі мост і запуску паромнай пераправы ў выпадку перапынення злучэння з мацерыковай часткай дзяржавы-акупанта. Расейскія захопнікі заявілі аб узломе, паведамляе obozrevatel.com.
Акупанты пасля начнога выбуху ў часова акупаваным Севастопалі і ранішніх паведамленнях у эфіры расейскіх радыёстанцый запэўніваюць, што ў Крыме «ўсё спакойна». Пра гэтым пішуць крымскія паблікі.
«У выпадку непрадбачаных акалічнасцяў і адсутнасці належнага злучэння з мацерыковай часткай Расейскай Федэрацыі будзе арганізаваная эвакуацыйная паромная пераправа. Беражыце сябе і сваіх блізкіх. Урад Крым трымае сітуацыю пад кантролем», - абвяшчае тэкст паведамлення, які прагучаў сёння ў эфіры радыёстанцый акупаванага Расеяй ўкраінскага Крыму.
Захопнікі адразу ж заявілі аб узломе радыёстанцый.
«Некалькі крымскіх радыёстанцый узламалі. «Ідзе адключэнне перадатчыкаў і ўхіленне прычын узлому», – паведаміў «дарадца кіраўніка Крыма» Кручкоў. Усе паведамленні, якія транслююцца ў эфіры, фальшывыя», - наперабой паведамляюць рэсурсы акупантаў.
Таксама захопнікі заявілі аб «паспяховым адбіцці нападу беспілотнікаў на Севастопаль» і загаварылі аб «інфармацыйнай атацы» Украіны.
«Класічная тактыка: не атрымалася атака ў рэальнасці, ну хоць людзей запалохаем. Паступаюць паведамленні аб перахопе радыёсігналу то адной, то другой радыёстанцый. Распаўсюджваецца інфармацыя аб эвакуацыі з паўвыспы пры дапамозе паромных перапраў і іншае трызненне. Вядома гэта хлусня. У выпадку рэальнай небяспекі - паведамленні будуць ісці па ЎСІХ каналах адначасова. І галоўнае: праз вулічныя сістэмы абвесткі, якія ўзламаць немагчыма, бо яны аналагавыя. У горадзе ўсё спакойна», - заявіў гаўляйтар акупаванага Севастопаля Міхаіл Разваджаеў.

Акупанты з усіх сіл спрабуюць пераканаць крымчукоў, што «ўсё спакойна».
«У Крыме і ў Севастопалі ўсё спакойна! Некалькі радыёканалаў узламаныя Украінай, ніякай эвакуацыі няма і ніколі не будзе! Давярайце толькі правераным крыніцам інфармацыі!» - заяўляюць акупанты.

Нагадаем, 22 сакавіка ў Севастопалі раніцай прагрымелі выбухі. Акупанты ўжо паскардзіліся на атаку марскіх дронаў.
Відавочцы паведамляюць, што пасля выбухаў рэйд у Севастопальскай бухце перакрылі. Таксама адзначаецца, што моцныя выбухі былі чутныя з Паўднёвага і Паўночнага молаў (гідратэхнічнае загараджальнае збудаванне для абароны акваторыі порта ад хваль).
Выбух быў такой сілы, што ў цэнтры акупаванага горада задрыжалі вокны і спрацавалі аўтасігналізацыі.