19 снежня 2024, Чацвер, 1:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На папулярнага відэаблогера завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі

46
На папулярнага відэаблогера завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі
Сцяпан Святлоў

У менскай кватэры стваральніка відэаканала Nexta прайшоў ператрус.

Сцяпан Святлоў - 19-гадовы блогер з Менска, аўтар аднаго з самых папулярных блогаў на YouTube Nexta, прысвечанага грамадска-палітычнаму жыццю ў Беларусі. Увечары 22 лютага ў кватэры ягоных бацькоў быў праведзены ператрус у рамках крымінальнай справы паводле арт.386 КК - «абраза прэзідэнта», паведамляе тэлеканал «Белсат».

Цяпер Сцяпан знаходзіцца ў Польшчы, там ён вучыцца ва ўніверсітэце. У менскай жа кватэры падчас ператрусу знаходзілася толькі ягоная маці Святлана.

«Увечары да маці прыйшлі двое - адзін у форме Следчага камітэта, другі ў цывільным адзенні. Імёнаў сваіх не назвалі, пасведчанняў не паказвалі. Яны паказалі толькі ордэр на ператрус і сказалі, што нейкая грамадзянка паскардзілася на абразлівыя выказванні ў адрас прэзідэнта, якія нібыта гучаць на маім канале», - распавядае Сцяпан.

Са слоў блогера, праваахоўнікі канфіскавалі ноўтбук і маленькую відэакамеру, склалі пратакол ператрусу. Пры гэтым яны не далі маці Сцяпана ніякіх копій дакументаў і не паведамілі, у якім працэсуальным статусе на гэты момант знаходзіцца Сцяпан.

На канале NEXTA - больш за 100 тысяч падпісчыкаў

Актыўна весці свой YouTube-канал Сцяпан Святлоў (Святлоў - псеўданім) пачаў у красавіку 2017 года - тады ў Беларусі яшчэ не спала інфармацыйная хваля «недармаедскіх пратэстаў». Хлопец пачаў ствараць перш за ўсё інфармацыйныя ролікі ў рубрыцы «Ну і навіны!». Галоўнымі тэмамі стаў Дэкрэт №3, міліцэйскі гвалт, злоўжыванне ўладай. Амаль у кожным відэа гучыць крытыка ў бок Лукашэнкі. Пры стварэнні ролікаў Сцяпан часта выкарыстоўваў відэа незалежных СМІ, асабліва «Белсата», з якім супрацоўнічае.

«Я не разумею, дзе яны знайшлі абразу? Іншыя блогеры часам выказваюцца больш востра. Да таго ж, я ніколі не займаўся палітычнай дзейнасцю, не быў актывістам, не падпадаў пад адміністрацыйны пераслед. Думаю, такі ціск звязаны з хуткім ростам падпісчыкаў на канале», - здзіўляецца хлопец.

Сапраўды, колькасць падпісчыкаў NEXTA ўжо перавысіла 100 тысяч чалавек - нядрэнная лічба для беларускай інтэрнэт-прасторы. На думку Сцяпана, улады маглі «зачапіцца» за адно з апошніх відэа - там гаворка ідзе пра «справу, якую раскрыў асабіста Лукашэнка».

«Нядаўна я прабыў у Менску амаль два тыдні і ніхто з сілавікоў або следчых да мяне не звяртаўся, далі выехаць з краіны. Таксама цікава, што за грамадзянка паскардзілася на мой канал? Можа сумна вядомая фраў А.?», - кажа Сцяпан.

На пытанне, чаму ён наогул наважыўся весці палітычны блог, хлопец адказвае:

«Бо гэта запатрабавана, акурат у людзей у Беларусі становіцца ўсё менш крыніц інфармацыі: заблакавалі «Хартыю», прыціснулі «Беларускі Партызан».

Атрымаць каментар ад Следчага камітэта пакуль не ўдалося, прэс-служба ўстановы не адказвае на званкі.

Нагадаем, 14 снежня рэдакцыя «Беларускага партызана» паведаміла пра блакаванне сайта. Згодна з заявай Міністэрства інфармацыі, ён быў заблакаваны праз распаўсюд «забароненай інфармацыі». Пры гэтым не ўдакладнялася, пра якую канкрэтна інфармацыю ідзе гаворка.

Сёлета 24 студзеня Мінінфармацыі заблакавала сайт «Хартыя-97», нагода тая ж - парушэнне закона «Аб сродках масавай інфармацыі».

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках