27 лiстапада 2024, Серада, 19:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ашуканыя дольшчыкі выйшлі пратэставаць

16
Ашуканыя дольшчыкі выйшлі пратэставаць

Дольшчыкі дома ЗАТ «Тэрабудінвест» выйшлі з транспарантамі на вуліцу, патрабуючы змяніць забудоўшчыка.

Учора ўвечары каля 50 чалавек сабраліся каля дома № 97 па вуліцы Прытыцкага. У руках яны трымалі транспаранты: «Хто адкажа за бязмежжа?», «Дзе кантроль?», «Хопіць падману!». Мітынгаваць людзі выйшлі ад безвыходнасці: будоўля стаіць з верасня 2012 года, чыноўнікі не рэагуюць на калектыўныя скаргі, а забудоўшчык патрабуе даплат.

Дом, які ўзводзіць ЗАТ «Тэрабудінвест», сумна знакаміты. Сотні падманутых дольшчыкаў, мільёны даляраў шкоды. Гэта справа грукатала на ўсю краіну некалькі гадоў таму. Потым жарсці ўлягліся: афіцыйныя дольшчыкі атрымалі свае аплачаныя кватэры, падманутым далі магчымасць будавацца ў жыллёвых кааператывах на льготных умовах. Будаўнічая афёра засталася ў мінулым, але дом на Прытыцкага зноў апынуўся ў цэнтры скандалу. Дольшчыкі 7-10 пад'ездаў абураныя тэрмінамі будаўніцтва, якія зацягнуліся, піша onliner.by.

«Больш-менш актыўна 7-10 секцыі, а гэта каля 130 кватэр, будаваліся ў 2010 годзе, у 2011-м, па нашых назіраннях, будаўнікі працавалі на аб'екце тры месяцы, у 2012-м - адзін месяц, - распавядае прадстаўнік ініцыятыўнай групы па імені Віктар. - Тэрміны здачы дома пераносіліся неаднаразова. Новы тэрмін заканчваецца ў чэрвені 2013 года, а будоўля як замерла ў мінулым верасні, так і стаіць».

Людзі, з якімі ўдалося пагаварыць, запэўніваюць, што аплацілі поўны кошт кватэр яшчэ ў дакрызісныя часы. Дольшчык па імя Барыс, які будуе 1-пакаёвую кватэру ў сёмым пад'ездзе, тлумачыць сітуацыю на сваім прыкладзе:

«Заключылі з жонкай дамову ў лютым 2010 года, калі метр каштаваў недзе 3,2 млн рублёў - 1100 даляраў па тых часах, - кажа ён. - 30% сумы выплацілі сваімі грашыма, на астатнюю частку ўзялі крэдыт. Ужо ў верасні 2010 года кватэра была аплачана на 100%. З тых часоў я падпісаў сем дадатковых пагадненняў на падаўжэнне тэрмінаў будаўніцтва, а цяпер мне прапаноўваюць падпісаць восьмае. І патрабуюць даплаціць яшчэ 76 млн рублёў. Знайсці грошы, вядома, можна, але даверу да забудоўшчыка «Тэрабудінвест» у мяне ўжо не засталося».

Дакументальных пацверджанняў таму, вядома ж, няма, але дольшчыкі мяркуюць, што патрапілі ў будаўнічую піраміду: «Ёсць падазрэнне, што нашы сродкі ішлі на дабудаванне першых секцый. А зараз мы, дольшчыкі апошніх секцый, сталі закладнікамі гэтай піраміды».

Разам з тым не ўсе дольшчыкі цалкам выканалі свае абавязацельствы. Паводле інфармацыі забудоўшчыка і адміністрацыі Фрунзенскага раёна, 35 чалавек з 8-10 секцый маюць пазыкіі на суму больш за 1 млрд рублёў.

За апошнія пару гадоў дольшчыкі напісалі тры калектыўных ліста ў Адміністрацыю прэзідэнта. Са снежня мінулага года накіравалі звароты ў 18 інстанцый, сярод якіх КДК, Генпракуратура, Мінфін, Следчы камітэт, Савет міністраў.

«Вынік нулявы: адказы прыходзяць фармальныя, у выглядзе адпісак, - кажа Віктар. - На паперы сітуацыю «трымаюць на кантролі», «прымаюць вычарпальныя меры». Але на справе чыноўнікам абыякава, як выконваюцца і ці выконваюцца наогул законы ў галіне жыллёвай палітыкі».

Падчас учорашняй сустрэчы ініцыятыўная група прасіла дольшчыкаў на гэты раз не падпісваць дадатковага пагаднення і не пагаджацца на новыя кошты.

«Мы разумеем, што грошы не возьмуцца з паветра, але даверым свае зберажэнні толькі новаму забудоўшчыку, больш надзейнаму і адказнаму, - растлумачыў калектыўную пазіцыю Віктар. - У канцы красавіка гэтага года пытанне аб змене забудоўшчыка разглядалася ў Менгарвыканкаме. Дом маглі перадаць «Менскбуду». Аднак тады камісія чыноўнікаў палічыла патрэбным пакінуць усё як ёсць. Будзем дамагацца перагляду гэтага рашэння і настойваць на правядзенні рэвізіі фінансава-гаспадарчай дзейнасці ЗАТ «Тэрабудінвест».

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках