27 лiстапада 2024, Серада, 17:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Знавец: Лукашэнка - калгасны банапарцік

6

Як палітычная кампанія гэтыя «выбары» патрэбныя толькі рэжыму, асабіста Лукашэнку, каб паказаць, што і ў нас быццам існуе парламент.

Сёння з сайтам charter97.org сваімі думкамі падзяліўся дэпутат Вярхоўнага Савета ў 1995-1996 гадах Павел Знавец.

- Чыталі, што вы захапляеццеся экстрэмальнымі тыпамі спорту, няўжо вам недастаткова адрэналіну ў палітыцы?

- А якой палітыкі? У Беларусі ж няма палітыкі, у нас адзіны палітык.

- Вы былі дэпутатам Вярхоўнага Савету 13 склікання, можа і зараз вашы выбаршчыкі клічуць вас вылучацца і абяцаюць падтрымаць?

- Не, мае выбаршчыкі - палешукі, працуюць у калгасах, яны цудоўна разумеюць, што выбараў даўно няма, усіх прызначае Лукашэнка, ці з ягонай згоды мясцовыя ўлады падбіраюць кандыдатуру. А далей ідзе проста фарс. І калі я туды прыязджаю, людзі кажуць: «Што, Кірылавіч, да Лукашэнкі пойдзеш? Ужо пакаяўся?» Вядома, што гэта жартам, бо яны разумеюць, што ў краіне няма нават падабенства выбараў.

- Калісці вы былі рэкардсмэнам у зборы подпісаў, а ў гэтай кампаніі чым будзеце займацца?

- Як палітычная кампанія гэтыя «выбары» патрэбныя толькі рэжыму, асабіста Лукашэнку, каб паказаць, што і ў нас быццам існуе парламент, бо ў Расіі ж ёсць Дума, без паўнамоцтваў, але яна хоць бюджэт кантралюе, а ў Беларусі і гэтага няма. Вось для стварэння бутафорыі, што ў Беларусі ёсць нешта падобнае, ён і праводзіць гэтыя кампаніі «выбараў» у «палатку», а так трэба б было прыняць указ, скасаваць гэтую непатрэбшчыну, бо няма парламента.

- А вы асабіста будеце займацца нейкай дзейнасцю?

- Калі выбараў няма, дык чым займацца? Я працую ў СМІ, даю інтэрв'ю, прыслухоўваюся да меркаванняў людзей, што яны кажуць. Гэта ёсць так званы актыўны байкот рэжыму. Гэта ёсць байкот не толькі яго мерапрыемства - «выбараў», але і самога рэжыму. Гэта прывядзе да зменаў. А калі мы будзем соты раз на адны і тыя ж граблі наступаць, то гэта кансэрвацыя будзе адбывацца няпэўны час. Кандовага такога, кварцавага, які ўжо маральна здэградаваў.

- Акрамя дзейнасці ў масмедыях, збіраецеся разносіць улёткі, агітаваць у пікетах?

- На ўлёткі, на агітацыю патрэбныя сродкі. Сродкі фонды выдаюць толькі на кандыдатаў, вось таму і не атрымалася адзінства ў разгромленай, расцярушанай апазіцыі, што яшчэ існуе. Я кажу «дысідэнцкая апазіцыя». Бо фактычна апазіцыі ў Беларусі няма. Класічнай апазіцыяй да рэжыму з'яўляецца сам народ. А вось яго прадстаўнікі лепшыя, яны - дысідэнты. Вось і я прыклад аднаго з дысідэнтаў. Але ў той жа час і прадстаўнік легітымнай улады, апошняй легітымнай улады. Я чалавек, які не прызнае гэты рэжым апрыёры.

- Вы выйшлі з ініцыятывай, каб прыбраць бардзюры, што часцяком замінаюць раварыстам, мамам з вазкамі, інвалідам-вазочнікам. Дык ці пачулі «дэпутаты», ці адгукнуліся на гэтую праблему?

- Яны нічога не чуюць, яны жывуць сваім жыццём асабістым, служаць рэжыму, свайму начальніку глядзяць у рот. Вось так вось мы і жывем. А вінаваты ў гэтым наш жывёльны страх. Ён укараніўся ў народ з моманту гвалтоўных выкраданняў лідэраў апазіцыі, знікнення журналіста Дзмітрыя Завадскага. Вось я пра гэта неаднойчы пісаў, пакуль не будзе публічнага дзяржаўнага і міжнароднага расследвання, пакуль дзяржаўныя асобы не будуць пакараныя за гэтыя злачынствы, датуль гэты страх будзе сядзець.

- Шмат людзей пасля выбараў 2010 года знаходзяцца ў дэпрэсіі, скажыце, а вам лукашызм не замінае быць шчаслівым?

- Вы правільна заўважылі, што беларускі народ у такім псіхалагічным ступары… Гэта не дыпрэсія, бо дэпрэсія можа прывесці ў выніку да смерці. Псіхалогія чалавечай душы вельмі тонкая. Я стараюся не заўважаць гэты рэжым. Я вось калі ўяўляю Лукашэнку, дык гэта такі калгасны банапарцік, які з клюшкай выйшаў з адсталага калгаса, забраўся на кіраўнічую пасаду і бярэ, што толькі можна і што нават нельга. І запалоханы народ не можа гэтаму супрацьстаяць, а чыноўнікі беларускія самыя баязлівыя ў свеце. І таму ён гэтым карыстаецца. Вінаваціць яго ці захапляцца вось гэтым вынаходніцтвам чалавека з народа, папуліста і дэмагога? Я не ведаю, ці варта. Вось з такім філасофскім гледзішчам на ўсё гэта, што адбываецца ў нашым Лукамор'і, пачынаеш разумець сэнс свабоды і пачынаеш адшукваць сапраўдны сэнс жыцця.

- Што вам хочацца сказаць, калі вы чуеце пра тутэйшыя «выбары»?

- Гэта пустата, гэта непатрэбшчына. Вось калі б іх не было, народ хутчэй бы адрынуў дыктатуру. Калі б мы цалкам дасягнулі поспехаў у байкатаванні ў 2000 годзе, то ўжо б, на маю думку, рэжым Лукашэнкі быў бы на сметніку гісторыі. А так з году ў год усялякія прычыны прыдумваюць, што трэба ж неяк змагацца, нешта ж рабіць, а ў выніку мы давялі сітуацыю да абсурду.

- Як вы думаеце, які плён можа даць нам гэты байкот?

- Дык які ж байкот, калі зноў, хто ў лес, хто па дровы. Байкота актыўнага такога няма, ёсць маўклівы народны байкот. Але запужаны народ пойдзе, пойдзе, бо страх згубіць працу ці прэмію перамагае. Ён прагматычны такі страх. «Вось схаджу там закрэслю ці не - гэта ролі ніякай не адыграе, але гэта ж лепш, чым мяне з працы выганяць. Менавіта вось паводле такога прынцыпу з двух ліхаў выберу меншае». Вось так абывацель кіруецца. А калі б рэшткі разгромленай апазіцыі заняліся актыўным байкотам,  каб на гэта былі знойдзены сродкі, то падзенне рэжыму значна паскорылася б. На жаль, гэтага не адбылося, бо грошай на байкот ніхто ж не дае. Мы маем, што маем, пайшлі вылучацца, нехта можа нават дыскрэдытаваць сябе. Пабачым, на мой погляд, не адбудзецца нічога істотнага. Набярэ рэжым сабе сто дзесяць слуг у пантэон для пенсіянераў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках