24 лiстапада 2024, Нядзеля, 11:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камісар ЕЗ: «Мы не можам гуляць асноватворнымі каштоўнасцямі»

8
Камісар ЕЗ: «Мы не можам гуляць асноватворнымі каштоўнасцямі»

На сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі ў Страсбурзе Беніта Ферэра-Вальднер растлумачыла, чаму быў адкладзены ейны візіт у Беларусь.

Еўракамісар па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднер падчас сустрэч 11 сакавіка ў Страсбурзе са старшынём Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатолем Лябедзькай і палітыкам Аляксандрам Казуліным адзначыла, што Еўропа "не можа гуляць каштоўнасцямі, якія ў Еўразвязе з'яўляюцца асноватворнымі".

"Гаворка ішла аб праблеме з правамі чалавека ў Беларусі. Ферэра-Вальднер падкрэсліла, што ейны візіт быў адкладзены ў сувязі з тым, што некаторыя пытанні, якія яна планавала абгаварыць з афіцыйным Менскам, патрабуюць сур'ёзнай прапрацоўкі", — паведаміў Лябедзька ў інтэрв'ю БелаПАН.

Па ягоных словах, Ферэра-Вальднер мае намер працягнуць кансультацыі для выпрацоўкі пазіцыі Еўропы па стаўленні да ўладаў Беларусі.

Візіт еўракамісара ў Менск, які планаваўся на 12-13 сакавіка, быў адкладзены да сярэдзіны красавіка.

За апошні месяц у Беларусі з’явіліся новыя палітычныя зняволеныя: лідэры прадпрымальніцкага руху Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка, а таксама актывіст «Маладога Фронту» Арцём Дубскі, які адбывае пакаранне за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў у мінулым годзе.

Пад пагрозай зняволення па гэтай справе знаходзяцца таксама іншыя маладыя людзі - Максім Дашук, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Аляксандр Баразенка, Павел Вінаградаў, Міхаіл Субач, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў.

У лютым былі жорстка разагнаныя дзве мірныя акцыі апазіцыі – у Дзень святога Валянціна і ў Дзень салідарнасці.

На днях скончыла жыццё самагубствам праваабаронца Яна Палякова, асуджаная на 2,5 гады абмежавання волі.

Акрамя таго, апазіцыя не мае доступу да дзяржаўных СМІ, а большасць незалежных газет дагэтуль не маюць магчымасці друкавацца і распаўсюджвацца на тэрыторыі Беларусі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках