28 лiстапада 2024, Чацвер, 11:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парыж як аграгарадок

6

Беларуская вёска Парыж (Пастаўскі раён Віцебскай вобласці) рыхтуецца стаць аграгарадком.

Плануецца, што новы статус вёска атрымае на каталіцкае Раство, 25 снежня. У гэты дзень тут пройдуць урачыстасці з нагоды адкрыцця аграгарадка. Да гэтай даты будзе завершаны рамонт у мясцовай школе, бальніцы, краме і Доме культуры, дзе адбудзецца святочны канцэрт.

«Нашаму Парыжу ўвогуле шанцуе на гучныя назвы: калгас, да якога адносіцца вёска, завецца «Залаты вянок». Зараз у вёсцы жыве 345 чалавек, і ў нас ёсць свае выдатныя мясціны. Гэта «Эйфелева вежа», якая ўяўляе сабой 30-мятровую металічную канструкцыю, і музей Яна Паўла ІІ, у экспазіцыі якога прадстаўлены асабістыя рэчы панціфіка. Усё гэта было зроблена з ініцыятывы ксяндза Ёзаса Булькі. Дарэчы, ён пачаў ствараць у Парыжы яшчэ і этнаграфічны музей, а таксама казаў пра сваё жаданне ўсталяваць культурныя сувязі з французскай сталіцай», — паведаміла БелаПАН дырэктар Парыжскага сельскага Дома культуры Галіна Іваноўская.

Ёсць у вёсцы і яшчэ адна традыцыя – тры гады запар тут абіралі сваю «Міс Парыж». Праўда, сёлета конкурс сярод мясцовых прыгажунь не адбудзецца з прычыны рамонту ў Доме культуры. «Сёлета адкрываем аграгарадок, а вось у наступным годзе, думаю, абавязкова абярэм новую «Міс Парыж», - сказала дырэктар сельскага Дома культуры.

Паводле яе словаў, у папярэднія гады гэты конкурс быў вельмі відовішчным і выклікаў вялікі інтарэс у сяльчан. На мерапрыемства таксама прыязджалі паглядзець культсупрацоўнікі з іншых вёсак раёна і саміх Пастаў.

Згодна з паданнем, сваю незвычайную назву гэтае сяло атрымала ад французскіх салдат ці нават ад самога Напалеона, войска якога праходзіла тут у час Айчыннай вайны 1812 года. Паводле іншай версіі, такая назва – плод фантазіі мясцовага памешчыка. У савецкі час вёска Парыж існавала на мапах да 1967 года, калі яе аб’ядналі з сумежнай вёскай, і населенаму пункту далі назву – Навадруцк.

Мясцовыя жыхары некалькі разоў спрабавалі вярнуць вёсцы гістарычную назву, збіраючы подпісы. У 2006 годзе іх ініцыятыва была задаволена: згодна з рашэннямі тапанімічнай камісіі пры Савеце міністраў Беларусі і раённага савета дэпутатаў вёска зноў стала называцца Парыжам.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках