24 лiстапада 2024, Нядзеля, 12:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейска-беларускія манеўры прымусілі Польшчу папрасіць дапамогі ў ЗША

13

Кіраўнік МЗС Польшчы заклікаў ЗША размесціць войскі на тэрыторыі краіны, каб абараніць яе ад ваеннай агрэсіі.

Падчас канферэнцыі ў Вашынгтоне Сікорскі нагадаў, што нядаўна Расея і Беларусь правялі непадалёк ад польскай тэрыторыі сумесныя вучэнні, у якіх прынялі ўдзел сотні танкаў. Пры гэтым, паводле яго словаў, зараз у Польшчы знаходзіцца ўсяго шэсць амерыканскіх вайскоўцаў, перадае «Бі-Бі-Сі».

«Калі б у вас з аднаго боку было 900 танкаў, а з іншага – шэсць вайскоўцаў... Вас бы гэта пераканала?», - перадае словы Сікорскага агенцтва Рэйтэр.

Кіраўнік польскага знешнепалітычнага ведамства адзначыў, што пры ўступленні Польшчы ў НАТА Расея атрымала запэўніванні, што альянс не стане размяшчаць ва Усходняй Еўропе значныя ваенныя сілы. «Але ў той час ніхто і ўявіць сабе не мог, што войскі наогул не будуць адпраўленыя. Я думаю, што гэта неабходна зрабіць», - адзначыў польскі міністр.

Эксперты адзначаюць, што шмат хто ў Польшчы быў расчараваны рашэннем ЗША адмовіцца ад размяшчэння на яе тэрыторыі аб'ектаў новай амерыканскай сістэмы супрацьракетнай абароны.

Планы Вашынгтона разгарнуць элементы СРА у Польшчы і Чэхіі выклікалі рэзкую незадаволенасць Расеі, якая лічыла іх накіраванымі супраць сваіх стратэгічных інтэрасаў. У Вашынгтоне, зрэшты, падкрэслівалі, што новая сістэма закліканая абараніць Еўропу і ЗША ад магчымага ракетнага ўдару з боку такіх краінаў, як Іран.

Новы прэзідэнт ЗША Барак Абама перагледзеў рашэнні папярэдняй адміністрацыі Джорджа Буша і заявіў пра намер стварыць больш эфектыўную сістэму СРА без радараў і супрацьракетных установак ва Усходняй Еўропе. Аднак і ў Расеі і на Захадзе такі крок быў успрыняты як саступка Расеі, зробленая падчас «перазагрузкі» адносінаў паміж Масквой і Вашынгтонам.

Сікорскі адзначыў, што віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, які нядаўна наведаў Польшчу з візітам, запэўніў Варшаву ў тым, што Вашынгтон па-ранейшаму з'яўляецца яе стратэгічным саюзнікам. Аднак справы, па словах кіраўніка польскага МЗСа, сталі б больш пераканаўчымі, чым словы.

«Калі вы ўсё яшчэ можаце сабе гэта дазволіць, нам патрэбныя нейкія стратэгічныя запэўніванні», - сказаў міністр замежных справаў Польшчы, звяртаючыся да прадстаўнікоў ЗША.

Польшча занепакоеная вучэннямі

Нядаўнія расейска-беларускія вучэнні «Захад-2009» выклікалі немалы непакой у Польшчы. Польскае выданне «Впрост» паведаміла, што падчас манеўраў адпрацоўвалася не толькі абарона будучага газаправода «Паўночная плынь», але і наступальная высадка войскаў на польскіх берагах, а таксама выкарыстанне самалётаў для перавозкі ядзернай зброі.

Польскія журналісты пішуць, што Расея і Беларусь адпрацоўвалі задушэнне паўстання.

Польскае выданне таксама перадае, што галоўнай задачай вучэнняў была адпрацоўка задушэння паўстання, якое можа ўспыхнуць у раёнах Беларусі, дзе пражывае нямала этнічных палякаў.

Пры гэтым «Впрост» цытуе аналітычную запіску польскага міністэрства абароны, у якой сказана, што вучэнні «толькі тэарэтычна былі абароннымі». «Большасць адпрацаваных эпізодаў... наўпрост сведчаць пра наступальны характар аперацыяў», - піша, паводле звестак выдання, мінабароны Польшчы.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках