25 снежня 2024, Серада, 21:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў: Увесну можна чакаць дэвальвацыю ў 40 адсоткаў

15

Увесну – у пачатку лета адбудзецца яшчэ адзін скок у дэвальвацыі, лічыць эканаміст Леанід Злотнікаў.

Аб гэтым ён заявіў у інтэрв'ю «Завтра твоей страны».

Эканаміст не падзяляе аптымізму начальніка ўпраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Анатоля Драздова, які заявіў, што «такой вялікай карэктоўкі курсу, якая адбылася, на працягу 2009 года не будзе».

«У мяне больш песімістычны погляд на рэчы, я думаю, што 20-адсоткавай дэвальвацыяй справа не скончыцца. Я думаю, што дэвальвацыя ў 40 адсоткаў, як ва Ўкраіне, увогуле-та, рэальная. Калі мы, акрамя ўжо абяцаных крэдытаў (Расеі і МВФ), не атрымаем яшчэ буйных крэдытаў, то можна чакаць, што ўвесну – у пачатку лета адбудзецца яшчэ адзін скок у дэвальвацыі. І мне здаецца, што да лета магчымая дэвальвацыя ў суме каля 40 адсоткаў – 20 ужо і 20, якая яшчэ можа быць», - лічыць эксперт.

Па меркаванні Леаніда Злотнікава, дэвальвацыя магла бы быць больш паступовай, і яе можна было абвесціць загадзя, як гэта цяпер адбываецца ў Расеі.

«Памылка складалася ў тым, што імкнуліся вытрымаць параметры – 2200 рублёў за даляр – да канца года, і дзеля выканання паказчыкаў быў упушчаны час. Дэвальвацыя была, але вельмі слабая. А потым ужо няма куды было дзявацца. У краіне вельмі мала валютных рэсурсаў. Пакуль не паступіла другая транша расейскага рэсурсу, пакуль не паступіла першая транша стабілізацыйнага крэдыту МВФ, існавала рызыка некантралюемай дэвальвацыі ў студзені-лютым гэтага года», - адзначае ён.

Эканаміст лічыць праведзеную дэвальвацыю беларускага рубля вымушанай мерай.

«Дапусцілі памылку летась, і такі скок дэвальвацыі быў па шматлікіх прычынах вымушанай мерай. Што датычыцца наступстваў для насельніцтва, то відавочна, што гэта выклікае рост коштаў. На айчынныя тавары ён складзе 7- 8 адсоткаў, паколькі для іх вытворчасці выкарыстоўваецца каля 30 адсоткаў імпартных тавараў. Кошты жа на імпартныя тавары паднімуцца на 15-20 адсоткаў. Гэта значыць, што гэта страта жыццёвага ўзроўня насельніцтва за кошт росту інфляцыі. А ў дзяржавы і ў эканоміцы цяпер няма рэсурсаў, каб разам з ростам інфляцыі забяспечыць рост узроўня жыцця насельніцтва», - лічыць эксперт.

Адбудзецца маёмаснае расслаенне ўнутры краіны, кажа Леанід Злотнікаў, але, з іншага боку, гэта некалькі падвысіць канкурэнтаздольнасць беларускіх экспарцёраў на сусветным рынку.

«Аднак не на 20%, таму што ў вытворчасці нашых экспартных тавараў палову сабекошту ізноў жа складаюць імпартныя тавары. Паколькі ў валютным выражэнні кошты на беларускія тавары на сусветным рынку змяняцца не будуць, то гэтае падвышэнне канкурэнтаздольнасці адбудзецца за кошт расслаення ў няроўнасці прыбыткаў паміж тымі, хто працуе прама на экспарт, і тымі, хто прама на экспарт не працуе. У першую чаргу, страцяць бюджэтнікі, пенсіянеры і іншыя групы насельніцтва, якія атрымліваюць сацыяльныя трансферты. Адбудзецца маёмаснае расслаенне ўнутры краіны», - лічыць эканаміст.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках