Лідэр Партыі БНФ просіць Якубовіча надрукаваць гутарку з КДБ (Аудыё)
8- 25.07.2008, 11:50
Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі напісаў ліст да рэдактара газэты "Советская Белоруссия" Паўла Якубовіча з просьбай надрукаваць размову Аляксандра Меха з супрацоўнікамі кобрынскага КДБ.
“Паважаны Павел Ізотавіч! Пачалася актыўная стадыя выбарчай кампаніі ў “палату прадстаўнікоў”. Беларуская і эўрапейская супольнасьць пільна сочаць за яе хадою, ці праходзіць яна свабодна і справядліва для ўсіх прэтэндэнтаў.
Кобрынскі інцыдэнт з выгнаньнем з працы сябра Партыі БНФ, прэтэндэнта ў дэпутаты “палаты прадстаўнікоў” Аляксандра Меха абуральны. Ёсьць межы, якія ня могуць пераступаць нават тыя, хто лічыць сябе "недатыкальным" – пагатоў у т.зв. "сельскім" раёне.
Прапаную надрукаваць расшыфроўку размовы палітыка з начальнікам Кобрынскага упраўленьня магістральных газаправодаў ААТ "Белтрансгаз" Уладзімірам Галашко і начальнікам Кобрынскага аддзела КДБ Андрэем Басько, якая папярэднічала звальненьню Аляксандра Меха. Гэтым самым вы прадэманструеце магчымасьць доступу кандыдатаў да дзяржаўнай прэсы, а галоўнае – паспрыяеце аднаўленьню справядлівасьці.”, -- гаворыцца ў лісьце старшыні Партыі БНФ, які даводзіць “Радыё Свабода”.