28 лiстапада 2024, Чацвер, 12:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сустрэча прэзыдэнтаў Вышаградзкай групы: ці будуць бясплатныя візы для беларусаў?

На мінулым тыдні адбылася сустрэча кіраўнікоў краінаў «Вышаградзкай групы», у якую ўваходзяць Польшча, Чэхія, Славаччына й Вугоршчына. Адно з пытаньняў, якое абмяркоўвалася, датычыла візаў для грамадзянаў краін, якія не зьяўляюцца сябрамі ЭЗ. Прэзыдэнты вышаградзкіх краінаў выступілі за тое, каб візы для беларусаў, украінцаў й расейцаў былі бясплатныя.

1 студзеня 2008 году краіны Вышаградзкай групы далучацца да шэнгенскай дамовы, што азначае бязьвізавы рэжым для грамадзянаў гэтых краінаў у паездках па Эўрапейскім Зьвязе. Паводле прэзыдэнтаў гэтых краінаў, далучэньне да прасторы Шэнген аблегчыць жыцьцё грамадзянаў, аднак пагоршыць сытуацыю грамадзянаў краінаў, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз.

Што для палякаў, чэхаў і вугорцаў азначае свабоду падарожічаць у краіны Эўрапейскага Зьвязу, для іх усходніх суседзяў, якія застануцца па-за зонай Шэнген, будзе азначаць павелічэньне коштаў візаў і больш складаныя ўмовы атрыманьня візаў. Ня можна да гэтага дапусьціць, лічаць прэзыдэнты краінаў Вышаградзкай групы. Адсуль заклік чэскага прэзыдэнта Вацлава Клаўса: не зьмяняць аплаты за візы.

“Да гэтага часу мы прапаноўвалі трэцім краінам альбо бязьвізавы ўезд, альбо бясплатныя візы. Мусім гэты стан рэчаў утрымаць, будзем імкнуцца, каб дзейнічала такое правіла: візы - так, але без аплаты”, -- заявіў Вацлаў Клаўс.

У сваю чаргу польскі прэзыдэнт Лех Качыньскі зьвярнуў увагу на тое, што на новых візавых правілах страцяць суседнія краіны, а Польшча хацела б спрыяць разьвіццю адносінаў з усходнімі дзяржавамі. У гэтай справе таньнейшыя й больш даступныя візы шмат чаго значаць.

“Для нас гэта праблема ўкраінцаў, таксама - беларусаў. Нягледзячы на тое, што адносіны паміж нашымі дзяржавамі пакідаюць жадаць лепшага, гэта не павінна перашкаджаць падарожнічаць звычайным беларусам. Таксама гэта датычыць грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі й іншых краінаў, якія знаходзяцца па-за складам ЭЗ. Зараз я ўзгадаў тыя краіны, якія, з нашага пункту гледжаньня, ствараюць найбольш клопатаў, ня ў сэнсе дрэнных адносінаў, а таго, што мы б хацелі аблегчыць іх грамадзянам прыезд на тэрыторыю нашай краіны”, -- сказаў Лех Качыньскі.

Беларуская прэса зазначыла, што прэзыдэнты Польшчы, Вугоршчыны, Чэхіі й Славакіі прынялі рашэньне, што пасьля ўступленьня ў Шэнгенскую зону будзе адмененая плата за афармленьне віз. У прыватнасьці, гаворка ішла пра грамадзянаў Украіны й Беларусі. “Польскае радыё” зьвярнулася з просьбай растлумачыць сытуацыю з шэнгенскімі візамі да польскага экспэрта, які пажадаў застацца ананімным.

“Паводле нашых ведаў, сытуацыя выглядае наступным чынам. Дарэчы, гэта агульнапрынята ў консульскім праве, не ўяўляю сабе яшчэ якіхсьці дадатковых аплатаў, ёсьць адзін тарыф 60 эўра за кароткатэрміновую аднаразовую візу. Гэта будзе дзейнічаць толькі ў адносінах зь Беларусьсю, таму што Ўкраіна й Расея змаглі дамовіцца на 35 эўра. Гэта льгота для краінаў, якія ўдзельнічаюць ў Эўрапейскай палітыцы добрасуседзтва. Пакуль няма ніякіх сур’ёзных коркаў зь беларускага боку ў кірунку дыялёгу й дэмакратызацыі, няма магчымасьці зьнізіць кошт. Такі ёсьць погляд Брусэлю. Ад пазыцыі Брусэлю залежыць пазыцыя Польшчы, таму што ў гэтай справе мы ня маем поўнай самастойнасьці. Зараз ідуць размовы пра адаптацыйны пэрыяд пераходу на новыя аплаты за візы, але пакуль яшчэ гэта качаткова ня вызначана. Фармальна Шэнген пачнецца ад 1-га студзеня, фактычна ідзе размова пра адаптацыйны пэрыяд, каб прызвычаіць людзей да гэтага з 1-га лістапада.

Справа з канчатковымі коштамі візаў будзе вырашацца на агульнаэўрапейскім узроўні, у Брусэлі. Прэзыдэнты Вышаградзкіх краінаў разам зьбіраюцца паўплываць на Брусэль, каб дамагчыся зьніжэньня коштаў для беларусаў, украінцаў ды расейцаў. Аднак павінны быць таксама крокі да дыялёгу і з боку гэтых краінаў. Так, Расея й Украіна змаглі дамовіцца на зьніжку для сваіх грамадзянаў да 35 эўра за візу. Беларускі бок гэтага ня змог ці не захацеў гэтага дасягнуць. На сёньняшні дзень бясплатныя шэнгенскія візы будуць толькі для палякаў, якія жывуць у Беларусі, якія атрымаюць Карту паляка”, -- паведаміў экспэрт.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках