24 лiстапада 2024, Нядзеля, 5:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Льготы для «голых» чыноўнікаў і «босых» міліцыянтаў

11

На апошняй нарадзе Аляксандр Лукашэнка заявіў, што першымі, каго пазбавілі ўсіх льгот, сталі чыноўнікі. Але, як сцвярджаюць самі чыноўнікі, ніякіх льгот у іх і не было. Затое было, ёсць і будзе грашовае забяспячэнне.

Старшыня камісіі па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў і інвалідаў “палаты прадстаўнікоў” Сяргей Камянецкі абурыўся, калі ў яго спыталі пра льготы дзяржслужбоўцаў. Чыноўнік сцвярджае, што ў яго калег не толькі ніякіх льгот няма, а яны ўвогуле голыя і босыя.

“Што вы да гэтых чыноўнікаў бедных прычапіліся! Яны і так ўсе голыя і босыя. Таму што ні льгот, ні прывілеяў, ні прэферэнцыяў у іх ніякіх няма. І працуюць і ў суботу, і ў нядзелю. Вазьміце любое міністэрства”, -- сказаў чыноўнік “Еўрарадыё”.

Што ж тычыцца выплаты надбавак за стаж да 70% ад заробку і сумы ў памеры аднаго заробку напярэдадні выхаду ў адпачынак, то гэта, па словах “дэпутата”, не льготы, а “грашовае забеспячэнне”. Нельга, кажа чыноўнік, да льгот адносіць і службовы транспарт.

“Гэта грашовае забеспячэнне, а не льготы. Калі транспарт не прыватны - гэта транспарт грамадскі, службовы. Для таго, каб чалавек як мага аператыўна выканаў нейкую працу. Асабіста ў мяне службовага транспарту няма. Але ў камісіі на 8 дэпутатаў і 5 членаў камісіі, ёсць адна іржавая “Волга” 2000-га года”, -- сказаў “дэпутат”.

“Дэпутату” нават даводзіцца часта карыстацца для службовых мэтаў асабістай машынай. І кампенсацыю яму за гэта не выплочваюць, хоць і павінны.

“Павінна быць кампенсацыя па статусе “дэпутата”, але нам яе не выплачваюць. Чуткі ёсць, што Папоў быў з гэтай нагоды ў прэзідэнта і будуць кампенсаваць, але як гэта будзе…”, -- сказаў Камянецкі.

На думку старшыні камісіі, Лукашэнка падчас нарады меў на ўвазе скасаваныя яшчэ ў першыя гады яго прэзідэнцкай кар’еры розныя льготы чыноўнікаў, якіх на пачатку 90-х было шмат. Такія, да прыкладу, як “саўмінаўскія” буфеты і санаторыі. Але не сённяшні дзень.

Як паведаміў “Еўрарадыё” былы старшыня Савета міністраў краіны Вячаслаў Кебіч, і ў яго часы чыноўнікі не мелі ніякіх ільгот.

“Няхай Камянецкі не пілікае! Ні транспарту не было, ніякіх “саўмінаўскіх” буфетаў не было. Пры мне нічога не было - заработная плата і ўсё. І да адпачынку прэмія ў памеры акладу”, -- паведаміў Кебіч.

Былы прэм’ер кажа, што калі ён выходзіў на пенсію, атрымаў што належыць па каэфіцыенце, і ўсё.

Дарэчы нагадаем, што днямі прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі падпісаў пастанову, паводле якой міліцыянты атрымаюць кампенсацыю за гэтую сваю страчаную ільготу. Пакуль яны ездзілі ў грамадcкім транспарце бясплатна, дзяржаве гэта абыходзілася ў кошт аднаго праязнога - 40 тысяч рублёў. Альбо 20 долараў. Цяпер выплаты складуць ад 110 да 150 долараў штомесячнага дадатку да заробку. Называцца такія выплаты будуць кампенсацыяй за выкарыстанне асабістага транспарту ў службовых мэтах.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках