Качанава ўбачыла ў ШІ пагрозу рэжыму Лукашэнкі
5- 6.09.2026, 22:07
- 3,108
Чыноўніца хоча абмяжоўваць развіццё тэхналогій у краіне.
Развіццё штучнага інтэлекту патрабуе своечасовага прававога рэагавання, заявіла старшыня «Савета Рэспублікі» Наталля Качанава. Калі гэтага не рабіць, сітуацыя можа «прывесці да лавінападобнага росту выклікаў для грамадства і дзяржавы», перакананая чыноўніца.
У «Савеце Рэспублікі» заявілі, што «пытанні бяспечнага ўкаранення тэхналогій штучнага інтэлекту, абароны нацыянальных інтарэсаў і фармавання сістэмнай дзяржаўнай прававой палітыкі знаходзяцца ў цэнтры ўвагі» гэтай дзяржаўнай структуры.
«Па ініцыятыве Наталлі Качанавай праблема выкарыстання ШІ і мінімізацыі рызык падрабязна разгледжаная на пасяджэнні экспертна-кансультатыўнага савета пры прэзідыуме «Савета Рэспублікі» з удзелам парламентароў і вядучых экспертаў профільных міністэрстваў і ведамстваў», — удакладнілі ў верхняй палаце парламента.
Качанава звярнула асаблівую ўвагу на неабходнасць своечасовага прававога рэагавання на імклівы прагрэс тэхналогій:
«Без адэкватнага кантролю выкарыстанне тэхналогій штучнага інтэлекту можа прывесці да лавінападобнага росту выклікаў для грамадства і дзяржавы. Відавочна, што тэхналогіі штучнага інтэлекту настолькі моцна прагрэсуюць, што практыка рэгулявання не паспявае за імі. Каб пазбегнуць памылак і пераняць найлепшыя практыкі, асабліва важны аналіз міжнароднага досведу і заканадаўчых ініцыятыў у краінах, якія імкнуцца дамінаваць у гэтай галіне, перадусім у Расіі, Кітаі, ЗША, ААЭ».
Як адзначыла чыноўніца, актыўнае пранікненне сучасных тэхналогій ва ўсе сферы патрабуе ўзважанага падыходу і стварэння надзейнага нацыянальнага заканадаўства.