Галоўны дарадца прэзідэнта Літвы: Мяне здзіўляе, адкуль Ціханоўская атрымлівае такую інфармацыю
5- 4.09.2026, 15:42
- 2,670
Літоўская разведка не можа пацвердзіць заявы пра пашырэнне ваеннай інфраструктуры ў Беларусі.
Літоўская разведка на дадзены момант не бачыць росту пагрозы з боку Беларусі і не можа пацвердзіць словы Святланы Ціханоўскай пра нарашчэнне ваеннай інфраструктуры ў гэтай краіне, сказаў галоўны дарадца прэзідэнта па пытаннях нацыянальнай бяспекі Дайвідас Матулёніс, паведамляе Delfi.
«Мяне крыху здзіўляе, адкуль Ціханоўская атрымлівае такую інфармацыю. Я сёння спецыяльна дадаткова цікавіўся — у нашых службаў такой інфармацыі няма», — сказаў 3 верасня ў інтэрв’ю LRT Матулёніс.
Па яго словах, Літва на дадзены момант не фіксуе росту ваеннай агрэсіі ў Беларусі. На тэрыторыі Беларусі дыслакаваныя расійскія ваенныя аб’екты, але новых манеўраных сіл, якія значна павысілі б пагрозу для Латвіі, Літвы і Польшчы, заўважана не было.
«Так, там ёсць пэўныя расійскія ваенныя аб’екты, але ніякіх новых манеўраных сіл, якія стваралі б непасрэдную пагрозу для Літвы, Латвіі або Польшчы, мы дакладна не бачым», — сказаў дарадца прэзідэнта.
Паводле слоў Матулёніса, пра гатоўнасць да ваеннай аперацыі сведчыў бы рост колькасці расійскіх вайскоўцаў у Беларусі. Такія змены літоўская разведка і разведкі саюзнікаў хутка заўважылі б.
«Не толькі наша, але і інфармацыя партнёраў — наша разведка гэта бачыць даволі добра», — падкрэсліў Матулёніс. «Сёння я сказаў бы, што гэта словы Ціханоўскай — мы не можам іх пацвердзіць», — дадаў ён.
Матулёніс таксама выказаўся за захаванне каналаў камунікацыі з беларускім рэжымам, хоць, на яго думку, больш цесныя адносіны развіваць не варта. Наяўнасць такіх каналаў, паводле слоў Матулёніса, дапаможа пазбегнуць крызісаў і дадатковай эскалацыі.
«Гэта неабавязкова павінна быць на найвышэйшым палітычным узроўні. Нават праціўнікі, нават краіны, што ваююць, заўсёды падтрымлівалі камунікацыю», — акцэнтаваў ён.
Але для пацяплення адносін з Беларуссю пакуль няма падстаў, паколькі рэжым Аляксандра Лукашэнкі па-ранейшаму падтрымлівае вайну Расіі супраць Украіны.
«Мы не бачым з боку Беларусі дабразычлівых дзеянняў у дачыненні да нас. І Беларусь у той ці іншай форме працягвае падтрымліваць вайну Расіі супраць Украіны. Таму я не думаю, што настаў час для пацяплення адносін з Беларуссю», — падкрэсліў дарадца прэзідэнта.
Ён таксама адзначыў, што Літва не бачыць падстаў для змены пазіцыі ў дачыненні да транзіту калію з Беларусі, нягледзячы на рашэнне ЗША змякчыць частку санкцый у дачыненні да гэтай краіны.
Матулёніс таксама не падтрымлівае меркаванне, што канфрантацыя паміж Расіяй і НАТА на дадзены момант дасягнула піку з 2022 года.
«Не, не магу сказаць. На сённяшні дзень верагоднасць ваеннага ўварвання практычна роўная нулю. Аднак пагрозы сабатажу і дыверсій захаваліся. Магчыма, цяпер яны сталі больш актыўнымі, узрасла агрэсія, мэта якой — запалохванне грамадства і змяншэнне дапамогі Украіне праз гэтыя дыверсіі», — сказаў Матулёніс.