Расійскія ўлады рыхтавалі забойства Гарры Каспарава і іншых апазіцыянераў
1- 30.09.2026, 10:17
- 2,720
Замах павінен быў адбыцца ў ЗША.
Расійскія ўлады некалькі месяцаў рыхтавалі забойствы апазіцыянераў Гарры Каспарава і Іллі Панамарова на тэрыторыі ЗША. Пра гэта піша іспанская газета El Mundo.
Улетку 2026 года амерыканскія ўлады папярэдзілі Каспарава, што ён стаў мэтай замаху. Як расказалі крыніцы ў яго асяроддзі, упершыню з моманту пераезду ў Нью-Ёрк у 2013 годзе яму выдзелілі ахову. Падрыхтоўка забойства Панамарова, паводле звестак выдання, зайшла яшчэ далей.
Амерыканскія спецслужбы выйшлі на групу з пяці чалавек, якая дзейнічала па заданні Масквы і падбірала выканаўцаў для сачэння і забойстваў. Адзін з завербаваных агентаў сфатаграфаваў два аб’екты ў Вашынгтоне, звязаныя з Панамаровым: за такую здымку абяцалі ад 1000 да 1500 долараў. За само забойства прапаноўвалі 40 тысяч. Замах сарваўся, бо выканаўца перадумаў і адмовіўся ад задання.
Акрамя таго, планаваўся яшчэ адно забойства — на гэты раз у Вільнюсе: ахвяру збіраліся падкарауліць і зарэзаць або падпаліць, абліўшы бензінам. Імя чалавека ў матэрыялах не называецца. Журналісты мяркуюць, што мэтай мог быць Уладзімір Кара-Мурза, але пацвярджаючых дэталяў не прыводзяць.
Двое ўдзельнікаў групы, як сцвярджаецца, заплацілі каля 200 долараў грамадзяніну ЗША за фатаграфію адрасу, дзе ў Вільнюсе жыў расійскі апазіцыянер. Паводле El Mundo, з 2024 года група сачыла за сузаснавальнікам «Форуму свабоднай Расіі» Іванам Цютрынам, якога тады ўжо ахоўвалі. У апошнія месяцы паліцыя зноў папярэдзіла яго пра пагрозу. Аднак у матэрыялах справы не ўдакладняецца, ці быў менавіта ён намечанай ахвярай у Вільнюсе. За гэтае забойства абяцалі 25 тысяч долараў.
У спісе магчымых мэт фігуруе і башкірскі актывіст Руслан Габбасаў, заснавальнік «Камітэта башкірскага нацыянальнага руху за мяжой». У 2025 годзе ён выявіў на сваёй машыне GPS-трэкер, а пазней пракуратура Літвы раскрыла план яго забойства. У красавіку 2026 года Delfi паведамляла, што ў Грэцыі затрымалі 55-гадовага мужчыну па падазрэнні ў падрыхтоўцы падвойнага забойства ў Літве; адной з ахвяр мог быць Габбасаў, і ён сам пацвярджаў, што літоўскія спецслужбы перадухілілі замах.