30 верасня 2026, Серада, 12:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Таджыкістане пратэстуюць супраць прыезду расійскага каміка Галустяна

6
У Таджыкістане пратэстуюць супраць прыезду расійскага каміка Галустяна
Міхаіл Галустян

Актывісты лічаць, што ён абразіў таджыкскі народ.

Кампанія TAS International Group, якая плануе пабудаваць найвышэйшы будынак сталіцы Таджыкістана, паведаміла, што ў праграме сённяшняй гала-вячэры для кліентаў і партнёраў кампаніі возьме ўдзел расійскі камік Міхаіл Галустян. Гэтая абвестка выклікала пратэсты ў сацыяльных сетках. Прычынай стала тое, што ў 2006–2011 гадах Міхаіл Галустян здымаўся ў гумарыстычным серыяле «Наша Russia». Ён іграў таджыкскага гастарбайтара Раўшана. Актывісты, якія выступалі ў абарону мігрантаў, называлі гэты тэлесерыял знявагай для таджыкаў, піша «Эха».

«Калі чалавек стаў тварам вобраза, які многія таджыкі ўспрымалі як прыніжальную карыкатуру на нашых працоўных мігрантаў, ці не натуральна было б хаця б аднойчы публічна сказаць пра гэта? Растлумачыць сваю пазіцыю. Прызнаць, што за смешным тэлевізійным персанажам стаялі лёсы рэальных людзей!» — напісала ў фэйсбуку журналістка Зульфі Назарова.

«Не ведаю, ці гэта маркетынгавая слепата, ці нейкая форма ідэнтыфікацыі з агрэсарам. Можна колькі заўгодна лічыць, што гэта быў гумар двухтысячных і "нічога асабістага". Але калі ты запускаеш вялізны прэміяльны праект у Душанбэ і будуеш вакол яго падзею пра прэстыж, маштаб і новую сучасную сталіцу, дзіўна не задаць сабе элементарнае пытанне: якую культурную асацыяцыю нясе гэты канкрэтны госць для мясцовай аўдыторыі?» — заявіла журналістка і праваабаронца Махпора Кірамова.

Таджыкскі паэт Ісфандзіёр Назар заклікаў Міністэрства замежных спраў Таджыкістана адмяніць візіт Галустяна. Па яго словах, чалавек, які «абражаў наш народ», не павінен прыязджаць у Таджыкістан.

Кампанія TAS International Group была заснаваная пецярбургскай кампаніяй «Алгарытм жыцця», якая належыць двум былым расійскім футбалістам — Віктару Файзуліну з «Зеніта» і Алегу Самсонаву з «Краснадара». Праект будаўніцтва дзелавога кластара «Душанбэ Інтэрнешнл Дыстрыкт» з вежай вышынёй 360 метраў рэалізуецца ў межах міжурадавага пагаднення, аб'ём інвестыцый ацэньваецца прыкладна ў $1,5 млрд.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲