Reuters назваў лідара ў галасаванні па кандыдатах на пасаду Генеральнага сакратара ААН
- 30.09.2026, 10:13
- 1,624
Новы кіраўнік арганізацыі прыступіць да выканання сваіх абавязкаў 1 студзеня 2027 года
29 верасня сярод 15 чальцоў Рады Бяспекі адбылося неафіцыйнае таемнае апытанне, ужо чацвёртае па ліку, наконт таго, хто павінен стаць новым Генеральным сакратаром ААН, паведамляе Reuters.
Лідарам зноў стала Рэбека Грынспан з Коста-Рыкі.
Яна таксама перамагала ў першым і трэцім таемным апытанні чальцоў Рады Бяспекі. Падчас другога апытання лідаркай апынулася Кэролін Родрыгес-Біркет, якая цяпер з'яўляецца пастаяннай прадстаўніцай Гаяны пры ААН.
Новы Генеральны сакратар ААН прыступіць да выканання сваіх абавязкаў 1 студзеня 2027 года (на пяць гадоў). Генеральнага сакратара прызначае Генеральная Асамблея па рэкамендацыі Рады Бяспекі. Падчас пробных галасаванняў Рада Бяспекі вызначае кандыдата, якога будзе рэкамендаваць Генасамблеі для зацвярджэння. Цяпер адбываюцца такія пробныя таемныя галасаванні.
На гэты момант на пасаду Генеральнага сакратара ААН прэтэндуюць 7 кандыдатаў. Не выключана, што ў далейшым у барацьбу ўступяць новыя кандыдаты. Дзейны кіраўнік арганізацыі Антоніу Гутэрыш пакіне сваю пасаду напрыканцы 2026 года. Ён займаў яе два тэрміны запар.