29 верасня 2026, aўторак, 23:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зяленскі заявіў пра падрыхтоўку новых даўгасяжных удараў па Расіі

Зяленскі заявіў пра падрыхтоўку новых даўгасяжных удараў па Расіі

Украіна рыхтуе адказ на ўдары РФ па Сумах.

Украіна вызначыла прыярытэтныя мэты новых даўгасяжных удараў у расійскім тыле. Пра гэта ў вячэрнім звароце заявіў прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі.

«Сёння былі даклады нашых вайскоўцаў пра нашу даўгасяжнасць — пра тыя прыярытэты, якія стаяць на бліжэйшы час, пра аперацыі, што рыхтуюцца. Усе ключавыя даўгасяжныя задачы Украіны выконваюцца, і расійская нафтавая індустрыя адчувае і далей будзе адчуваць украінскі ўплыў», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Ён таксама расказаў, што расіяне ўдзень 29 верасня нанеслі «абсалютна агідны ўдар па Сумах», скінуўшы на горад чатыры авіябомбы.

«На жаль, ёсць ахвяра: адна з бомб трапіла ў жылы дом, забіла чалавека. Другая бомба — па школе, па звычайнай школе, дзе менавіта ў гэты час знаходзіліся дзеці. Будынак моцна пашкоджаны, але дзеці і настаўнікі знаходзіліся ў сховішчы і дзякуючы гэтаму, на шчасце, без пацярпелых у школе», — расказаў украінскі прэзідэнт. Зяленскі адзначыў, што Расія ўжо нават не спрабуе маскіраваць гэтыя атакі пад удары па ваеннай інфраструктуры і ўчыняе адкрыты тэрор супраць мірных жыхароў.

Нагадаем, раней Дональд Трамп прасіў Уладзіміра Зяленскага спыніць атакі на расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы. Паводле яго слоў, гэта вядзе да росту сусветных цэн на дызельнае паліва.

Зяленскі згадзіўся, што вайну трэба спыняць, і прапанаваў пачаць з узаемнай адмовы ад удараў па энергетыцы і крытычнай інфраструктуры.

«Энергетыка Украіны, крытычная інфраструктура і наш харчовы экспарт павінны перастаць быць мішэнямі для Расіі, і гэта прывядзе да адпаведных крокаў па дэскалацыі з нашага боку», — заявіў Зяленскі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲