Беларуска: Ненавіжу людзей у пагонах
2- 29.09.2026, 12:15
- 1,676
Крык душы брэстчанкі.
Жыхарка Брэста была вымушаная ўцячы з краіны пасля допытаў і пагрозаў у аддзяленні міліцыі. У Threads яна патлумачыла, чаму зрабіла гэта.
«Я беларуска, — піша яна. — Я люблю сваю краіну. За ўспаміны, за сяброў, за тое, што там было, за мары.
Я марыла жыць у вёсцы са сваімі дзецьмі. Мець курэй, коз, раніцай піць сваё малако, збіраць яечкі. Але я ненавіжу тое, што адбываецца! Ненавіжу людзей у пагонах! Я не разумею, як людзі такое робяць. Як маці, у якой нікога няма, можна пагражаць найдаражэйшым — яе дзецьмі?
Я двойчы была ў міліцыі, выклікалі як сведку па самых простых справах. Але ўсё зводзілася да аднаго: на дзяцей табе напляваць, якая ты маці? Ты адправішся ў турму, а дзеці — у дзіцячы дом. І пры гэтым усе яны ведаюць, што, пакуль яны цябе трымаюць, дзеці сядзяць дома адны, іх гэта ні кроплі не бянтэжыць. А мяне, як маці, гэта вельмі бянтэжыць. Ты і так як на іголках, а яшчэ і дзеці дома адны. Выйшла на некалькі хвілін, а яны ўжо некалькі гадзін дома адны. Родзічаў няма, канечне, на ўсе ўмовы пагодзішся. І «пакаяльнае» відэа запісаць пра тое, як міліцыя добра працуе. Пытаюся: вы разумееце, што калі я запішу відэа, то ўсе ж зразумеюць пасыл? Што менавіта менты прымусілі гэта відэа запісаць і тэкст надыктавалі.
Усе яны разумеюць, але сістэма працуе так: ім сказалі — яны робяць. А яшчэ яны вельмі ганарацца сваёй зарплатай. Проста ўспомнілася. Прыйшоў нейкі кабан у пагонах, пытае, колькі былы муж плаціць аліментаў, я адказала, наступная рэпліка ад яго: а працаваў бы ў нас — у тры разы больш бы плаціў. Да чаго гэта было — незразумела».
У іншым пасту брэстчанка распавяла, што ўжо перасекла мяжу разам са сваімі дзецьмі і цяпер знаходзіцца ў Варшаве.