Планета, якой не павінна існаваць: гэты далёкі свет мае нечаканую тэмпературу
1- 28.09.2026, 20:05
- 1,070
Астраномы выявілі ваду на гіганцкай планеце HATS-6 b.
Навукоўцы правялі даследаванне планеты HATS-6 b, якая знаходзіцца за 500 светлавых гадоў ад нас і з'яўляецца газавым гігантам, з дапамогай касмічнага тэлескопа Джэймса Вэба. У атмасферы планеты былі выяўленыя вада, аміяк і метан. Таксама высветлілася, што гэтая планета значна халадней, чым меркавалі навукоўцы. Ды і ўвогуле такая планета не павінна была сфармавацца. Даследаванне апублікавана ў часопісе Astronomical Journal, піша Phys (пераклад — «Фокус»).
Планета HATS-6 b па памерах падобная да Юпітэра, найбуйнейшай планеты Сонечнай сістэмы, якая таксама з'яўляецца газавым гігантам. Далёкая планета абарачаецца вакол зоркі тыпу чырвоны карлік — меншай і больш халоднай, чым Сонца.
Планеты фарміруюцца з газу і пылу, што засталіся пасля фарміравання зоркі. Чым меншая зорка, тым меншага памеру планеты могуць узнікнуць вакол яе. Але велізарныя памеры HATS-6 b супярэчаць гэтаму правілу. Астраномы кажуць, што такая планета ўвогуле не павінна была сфармавацца, бо для яе фарміравання было недастаткова матэрыялу. І ўсё ж яна і 40 падобных да яе планет існуюць. Астраномы ўсё яшчэ спрабуюць зразумець, як яны ўзніклі.
Падчас даследавання навукоўцы выявілі ў атмасферы планеты HATS-6 b ваду, метан, аміяк і дыяксід вугляроду (вуглякіслы газ). Калі вадарод і кісларод, што ўтвараюць ваду, а таксама вуглярод раней знаходзілі ў атмасферах планет-гігантаў па-за межамі Сонечнай сістэмы, то аміяк, які складаецца з азоту і вадароду, знаходзяць вельмі рэдка. Таму гэтае адкрыццё вельмі важнае для разумення складу такіх планет.
Злучэнні азоту, такія як аміяк, павінны сустракацца на халодных планетах-гігантах. Але HATS-6 b знаходзіцца блізка да сваёй зоркі і здзяйсняе поўны абарот усяго за 3 зямныя дні. Значыць, там павінна быць горача. Разлікі паказвалі, што тэмпература на планеце павінна быць на ўзроўні 425 градусаў па Цэльсіі. Але новыя вымярэнні паказалі тэмпературу на ўзроўні 120 градусаў па Цэльсіі.
Калі гэтая планета халаднейшая, гэта азначае, што нешта адлюстроўвае значную частку зорнага святла назад у космас, не даючы яму награваць HATS-6 b, кажуць навукоўцы. Цяпер трэба высветліць, што гэта.