БелАЗ можа адкрыць зборчы завод у Манголіі
4- 28.09.2026, 13:16
Там плануюць выпускаць цяжкую тэхніку для кар'ераў і радовішчаў.
БелАЗ плануе стварыць у Манголіі завод па зборцы цяжкай тэхнікі. Пра гэта піша інфармагенцтва «Фінмаркет» са спасылкай на мангольскія СМІ.
У найбліжэйшай перспектыве бакі будуць вывучаць тэхнічныя і эканамічныя аспекты праекта. Найбольшую каштоўнасць завод мае для буйных мангольскіх горназдабыўных прадпрыемстваў. Тэхніка БелАЗа выкарыстоўваецца ў Манголіі на адкрытых горных распрацоўках і радовішчах, у тым ліку на вугальных разрэзах і на аб'ектах у пустыні Гобі. На мясцовым рынку працуе афіцыйны дылер і прадстаўнік беларускага вытворцы United Belaz Machinery.
Міністр прамысловасці і мінеральных рэсурсаў Манголіі Гонгорына Дамдінняма падкрэсліў, што стварэнне зборчай вытворчасці дазволіць павялічыць колькасць працоўных месцаў, захаваць падатковыя паступленні і стварыць магчымасць для вырабу некаторых дэталяў і запасных частак у Манголіі.