У Францыі абіраюць больш за палову сенатараў
- 27.09.2026, 13:13
Гэтае галасаванне важнае для ультраправай партыі «Нацыянальнае аб’яднанне» Марын Ле Пэн.
У нядзелю ў палове дэпартаментаў Францыі праходзяць выбары ў Сенат, у ходзе якіх будуць абраныя 178 з 348 сенатараў у верхнюю палату парламента.
Пра гэта паведамляе BFMTV.
Выбарчыя ўчасткі адкрыліся а 8:30 раніцы па парыжскім часе. Выбары ў Сенат непрамыя: сенатараў абірае не народ падчас агульнанацыянальнага галасавання, а Калегія выбаршчыкаў, якая складаецца з больш як 93 000 чалавек, пераважна муніцыпальных саветнікаў.
На нядзельных выбарах будуць абраныя 178 з 348 сенатараў на наступныя шэсць гадоў.
Галасаванне праходзіць у 58 дэпартаментах мацерыковай Францыі, а таксама ў двух дэпартаментах Карсікі, у Гвіяне і на чатырох заморскіх тэрыторыях. Таксама адбудзецца пераабранне шасці прадстаўнікоў французаў, што жывуць за мяжой.
У верхняй палаце цяпер дамінуюць кансерватары, прычым «Рэспубліканцы» — самая вялікая фракцыя, якая займае 131 месца. Партыя прэзідэнта Эманюэля Макрона «Адраджэнне» (Renaissance) мае 19 месцаў.
Ад выбараў не чакаецца істотных зрухаў у размяшчэнні сіл, але верагодная змена суадносін унутры правай большасці: «Рэспубліканцы» могуць страціць некалькі месцаў.
Гэта галасаванне важнае для ультраправай партыі «Нацыянальнае аб’яднанне» Марын Ле Пэн, якая можа атрымаць дастаткова месцаў, каб упершыню сфармаваць парламенцкую фракцыю ў Сенаце. Для гэтага патрэбна дзесяць месцаў, а пакуль у ультраправай партыі толькі тры.
Выбары ў Сенат у Францыі — апошнія перад прэзідэнцкімі выбарамі вясной 2027 года.