Дрон атакаваў фуру з кавунамі на беларускіх нумарах
37- 27.09.2026, 20:16
- 27,192
Машына згарэла на трасе Бранск — Гомель.
Карыстальніца TikTok Ксенія апублікавала відэа з фурай з беларускімі нумарамі, якая моцна пацярпела ад пажару. Паводле слоў жанчыны, за рулём быў яе муж, і ў грузавік трапіў дрон. Гэта адбылося на трасе Бранск — Гомель на тэрыторыі Расіі, піша «Зеркало».
На кадрах бачна, што кабіна і кузаў грузавіка выгарэлі. Унутры фуры былі кавуны. Ролік Ксенія падпісала коратка: «Наша карміцелька».
У апісанні да публікацыі яна напісала, што дзякуе Богу за тое, што яе муж застаўся жывы, і заклікала падпісчыкаў берагчы блізкіх і цаніць кожны дзень. «Адно пытанне: за што?» — дадала аўтарка відэа.

Судзячы па каментарыях Ксеніі, інцыдэнт адбыўся ўвечары ў пятніцу, 25 верасня. На пытанне, ці адбылося гэта на ўчастку паміж Клінцамі і Мамаем (гэта гарады Бранскай вобласці Расіі), яна адказала сцвярджальна і напісала, што гэта быў «магутнейшы дрон». Паводле яе слоў, да мяжы з Беларуссю кіроўцу заставалася каля 30 кіламетраў. Як піша Ксенія, муж спяшаўся дадому да сям’і.

Адзін з карыстальнікаў спытаў, ці была ў машыны страхоўка. «Была, а якая з таго карысць…» — адказала жанчына.
Паводле інфармацыі адміністрацыі Бранскай вобласці, у ноч з 25 на 26 верасня там зафіксавалі масіраваную атаку дронаў. Адна з атак прыйшлася на чыгуначную станцыю ў Клінцах.