Беларуская нутрыцыёлаг прызначыла пяцігадоваму дзіцяці 19 БАДаў і строгую дыету
5- 27.09.2026, 14:24
- 1,776
Хлопчык трапіў у бальніцу.
Пяцігадовы хлопчык трапіў у бальніцу пасля таго, як маці месяц карміла яго паводле схемы анлайн-нутрыцыёлага са строгімі абмежаваннямі ў ежы. Інтэрнэт-спецыялістка прызначыла дзіцяці 19 БАДаў, аднак яго стан толькі пагаршаўся. Гісторыю распавёў дзяржаўны тэлеканал ОНТ, сюжэт пераказала «Зеркало».
«Са зніжкай — 450 рублёў»
Згодна з інфармацыяй з сюжэта, маці хлопчыка Вольга вырашыла звярнуцца да «раскручанага нутрыцыёлага» (імя спецыялісткі ў сюжэце не прыводзяць). У дзіцяці на той момант былі ўскладненні пасля ротавіруснай інфекцыі, ён ужо трапляў у бальніцу ў аслабленым стане. Кансультацыя праходзіла дыстанцыйна.
— Калі тэрмінова — 600 рублёў будзе каштаваць ваша кансультацыя. Я вам зраблю са зніжкай — 450 рублёў, — пераказвае Вольга словы спецыялісткі.
Паводле слоў кліенткі, нутрыцыёлаг заявіла, што хлопчык знаходзіцца ў «жыццюзагрозным стане» і ў яго «жудасныя дэфіцыты». Аднак яна сцвярджала, што спецыяльная дыета вырашыць усе праблемы: дзіця пачне нармальна есці, набярэ вагу і вырасце, а да лекараў звяртацца не давядзецца.
Рацыён хлопчыка сур'ёзна скарацілі: з яго прыбралі глютэн, малочныя прадукты і ўсё салодкае. Вользе даслалі рэцэпты безглютэнавых страў і спіс з 19 БАДаў. Паводле слоў маці хлопчыка, спецыялістка высылала спасылкі на куплю прэпаратаў і «вельмі злавалася, калі я купляла не там».
Вольга выконвала рэкамендацыі каля месяца. Паводле яе слоў, хлопчыку станавілася толькі горш, і аднойчы давялося выклікаць хуткую дапамогу. Дзіця адвезлі ў інфекцыйную бальніцу.
Лекар: «Гэта цемрашальства»
Урач-інфекцыяністка Аліна Савенка узгадвае, што пры паступленні хлопчык быў настолькі слабы, што не мог моцна сціснуць яе руку, хаця заставаўся ў свядомасці і ішоў на кантакт. Паводле яе слоў, прычына хутка стала зразумелай: дзіця проста недаатрымлівала патрэбных рэчываў праз вельмі беднае харчаванне з мноствам абмежаванняў.
— Было зразумела, што дзіця проста недаатрымала патрэбныя рэчывы праз рот. Чагосьці недапіў, чагосьці недаёў. У яго было вельмі сціплае харчаванне, там было вельмі шмат абмежаванняў: і глютэн, і малочнае, усе салодкасці прыбраць. Дзеці павінны есці салодкае, нам усім патрэбная глюкоза, — распавяла лекарка.
Асобна яна звярнула ўвагу на колькасць прызначаных дабавак. Паводле слоў Савенка, калі чалавеку прызначаюць шэсць і болей прэпаратаў, гэта ўжо лічыцца поліпрагмазіяй; такі прыём павялічвае рызыку пабочных эфектаў і непажаданых узаемадзеянняў.
Як распавяла маці, нават пасля гаспіталізацыі нутрыцыёлаг працягвала пераконваць Вольгу не давяраць бальнічнаму лячэнню і вярнуцца да дыеты і БАДаў. Лекары, паводле яе слоў, нібыта не маглі «аналізы нармальна расшыфраваць».
Аліна Савенка прызнаецца, што пасля гэтага сама вырашыла паглядзець, якая гэта спецыялістка кансультавала сям’ю.
— Я тады палезла глядзець гэтага нутрыцыёлага — у мяне падскочыў ціск. Бо гэта цемрашальства. Гэта ненаўкова, гэта жудасна, гэта такія грошы, — кажа інфекцыяністка.
Хлопчыку паставілі кропельніцу, каб аднавіць баланс рэчываў у арганізме. Паводле слоў лекаркі, гэта было каля 10-й раніцы, а ўжо да пятай вечара дзіця само хадзіла ў туалет, усміхалася і махала рукамі.
— Ён убачыў наш курыны суп, вельмі ўзрадаваўся. Найбольшы эфект аказаў ужо наш бальнічны абед, які сапраўды быў смачны. Ён паеў з задавальненнем і стаў звычайным дзіцем, — распавяла Савенка.
Нутрыцыёлаг: «Гэта маё бачанне сітуацыі»
Супрацоўнікі ОНТ таксама прывялі каментар нутрыцыёлага. Сваю віну ў пагаршэнні стану дзіцяці яна адмаўляе. Паводле яе слоў, найцяжэйшы стан у хлопчыка быў яшчэ да таго, як сям’я да яе звярнулася, а сцвярджэнні, нібыта яго адвезлі ў бальніцу пасля прыёму дабавак, некарэктныя. Для такіх высноў, лічыць яна, патрэбная экспертыза.