«Гэта добрая навіна для Украіны і дрэнная — для Расіі»
- 25.09.2026, 16:09
- 1,148
У ЕС узгаднілі ўмовы выдзялення 6,6 мільярда еўра з Фонду міру для Украіны.
Дзяржавы-члены ЕС дамовіліся аб умовах выдзялення Украіне сродкаў у памеры 6,6 млрд еўра з Еўрапейскага фонду міру. Пра гэта ў сваім X напісала высокая прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Каллас, паведамляе «Еўрапейская праўда».
Каллас падкрэсліла, што гэта «добрая навіна для Украіны і дрэнная — для Расіі».
Паводле яе слоў, 900 млн еўра прызначаныя для Місіі ЕС па аказанні ваеннай дапамогі Украіне.
Яшчэ мільярд еўра пойдзе на фінансаванне новых сумесных закупаў абсталявання.
А 4,7 млрд еўра накіруюць на кампенсацыю выдаткаў дзяржавам-членам; прычым некаторыя з іх ужо заявілі, што перанакіруюць сваю долю на патрэбы Украіны, паведаміла кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі.
- Гібрыдныя атакі Масквы накіраваныя на тое, каб запалохаць Еўропу і прымусіць яе скараціць падтрымку Украіны. Еўропа ж робіць наадварот, — падсумавала Каллас.
Канчатковае рашэнне павінны прыняць міністры абароны дзяржаў — членаў Еўрасаюза на пасяджэнні Савета ЕС у панядзелак.
У той жа час застаецца нявырашаным пытанне пра размеркаванне 4,7 млрд паміж дзяржавамі-членамі і пра тое, якая частка гэтай сумы будзе выдзеленая Украіне.