«Вам не смешна такія капейкі плаціць у 2026 годзе?»
1- 24.09.2026, 15:16
- 2,814
Вакансія прадаўца ў «Першым нацыянальным гандлёвым доме» выклікала буру эмоцый у беларусаў.
Кампанія Belarusachka шукае «мабільнага прадаўца-кансультанта» ў сваю фірмовую краму ў «Першым нацыянальным гандлёвым доме». Такое паведамленне кампанія апублікавала ў Threads. Акрамя абавязкаў указана і зарплата, якую абяцаюць прэтэндэнту на першыя тры месяцы выпрабавальнага тэрміну. Судзячы з каментарыяў, сума непрыемна здзівіла людзей, піша «Зеркало».
У аб’яве гаворыцца, што прадавец-кансультант патрэбны на поўны працоўны дзень з 10.00 да 20.00. Асноўнае месца працы — «Першы нацыянальны гандлёвы дом», але з магчымасцю замены ў гандлёвых цэнтрах «Глобо» і «Сталіца».
«Прашу прачытаць уважліва, без ацэначных меркаванняў. Мы зыходзім з тых магчымасцяў, якімі валодаем», — піша прадстаўнік кампаніі перад тым, як перайсці да фінансавага боку пытання. Далей паведамляецца, што зарплата складзе 1300 рублёў да выліку падаткаў, то бок на рукі работнік атрымае яшчэ менш.
«Яна ўстанаўліваецца на выпрабавальны тэрмін да трох месяцаў, надалей сума можа быць (то бок не факт, што так. — Заўв. рэд.) перагледжана», — шчыра расказалі ў кампаніі.
Ад «ацэначных меркаванняў» пасля агучанай сумы каментатары ўстрымацца не змаглі:
«Вам не смешна такія капейкі плаціць у 2026 годзе?»
«Дзяўчаты хочуць есці, а за 1300 да выліку асабліва не паесці)».
«Б**, за такую з/п можна сядзець на адным месцы. Фіг ведае, каго вы знойдзеце, пенсіянеры, можа… і то!»
«Заробак 1100, і ўвесь тыдзень заняты з раніцы да вечара. Жыцця няма, адна праца. Першы нацыянальны…»
«Якія ж ганебныя заробкі ў Беларусі, жах».
«Без ацэначных меркаванняў тут ніяк не атрымаецца, раз вы ацанілі магчымасць чалавека пражыць у РБ на ~1100 BYN/366 $/314 € у 2026 годзе».
Усё ж сярод каментароў знайшліся словы падтрымкі і разумення.
«Трымайцеся! Хай вас убачаць дзяўчынкі з «Мілы» або «Марк Формэль» і г. д., самыя лепшыя, адказныя, або тыя, хто разумее, з улікам сярэдніх заробкаў і абавязкаў, што гэта выдатная прапанова. Усё атрымаецца!
Мне таксама трэба адкрываць вакансію, але я пакуль не «накачала» сябе магніем, запіваючы фенібутам», — напісала адна з карыстальніц.