У Францыі літаратурнага генія абвінавацілі ў выкарыстанні штучнага інтэлекту
2- 23.09.2026, 19:05
- 1,194
Пісьменнік адказаў крытыкам.
У Францыі пісьменніка Тэлісана Арэльена абвінавацілі ў выкарыстанні штучнага інтэлекту пры стварэнні рамана «Гэта або смерць». Пра гэта піша L'actualite .
Нядаўна ананімны карыстальнік пад нікам «Balance ton Claude» апублікаваў у сацыяльнай сетцы X паведамленне, у якім сцвярджалася, што, паводле амерыканскай праграмы выяўлення ШІ «Pangram», твор амаль цалкам быў напісаны штучным інтэлектам.
Выдавецтва Les Éditions du Boréal у адказ стала на абарону рэпутацыі пісьменніка, якога ў краіне называюць літаратурным геніем.
«Тэлісан Арэльен, хоць і стаў вядомы шырокай публіцы зусім нядаўна, пачаў пісаць 20 гадоў таму, задоўга да з’яўлення генератыўнага штучнага інтэлекту. Першы чарнавік свайго рамана ён скончыў некалькі гадоў таму, а потым тэкст «выспяваў» дзякуючы шматлікім абмеркаванням з рэдактарам, пра што сведчаць паслядоўныя версіі рукапісу аж да яго канчатковай формы», — заявілі ў выдавецтве.
Сам аўтар спасылаецца на тое, што належыць да гаіцянскай і карыбскай літаратурнай традыцыі, дзе важныя «паэзія, вобразнасць, паўтор і рытм».
«Менавіта дзякуючы гэтай спадчыне сфарміраваўся мой голас. Мой стыль можна абмяркоўваць, але спасылка на гэтыя прыёмы як на доказ выкарыстання штучнага інтэлекту не мае нічога агульнага з літаратурнай крытыкай», — сказаў ён.
Акрамя таго, Арэльен абвінаваціў сваіх крытыкаў у расізме.
Галоўны герой спрэчнага рамана — прафесар гісторыі, які ўцёк ад гвалту на Гаіці і пераехаў у Канаду. Кніга, якая нядаўна атрымала французскую прэмію Fnac, уваходзіць у спіс раманаў, што могуць прэтэндаваць на Ганкураўскую прэмію і Прэмію Медычы.