КДБ праводзіць вобшукі ў атрымальнікаў стыпендый праграмы ЕС
4- 26.11.2026, 11:44
- 2,304
База атрымальнікаў апынулася ў руках сілавікоў.
Як стала вядома сайту Charter97.org, у Беларусі праходзяць вобшукі ў людзей, якія атрымлівалі стыпендыі па праграме Еўрапейскага саюза EU4Belarus — SALT, а таксама ў іх сваякоў.
EU4Belarus — SALT (Support for Advanced Learning and Training) — стыпендыяльная праграма ЕС для беларускіх студэнтаў, абітурыентаў, даследчыкаў, выкладчыкаў і спецыялістаў, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі або пагрозай пераследу.
Каардынатарам выступала дзяржаўнае Цэнтральнае агенцтва па кіраванні праектамі Літвы (CPVA) разам з партнёрамі. Адміністратар з беларускага боку была арганізацыя, назва якой публічна не называлася.
Чарговая ўцечка?
Як распавёў «Нашай Ніве» атрымальнік стыпендый EU4Belarus — SALT, у маі 2026 года адміністратар праекта разаслаў ім адзін з выпускаў бюлетэня, у ім, магчыма, з-за недагляду, усіх астатніх атрымальнікаў рассылкі паставілі ў адкрытую копію, іх электронныя адрасы можна было бачыць. Усяго ў спісе рассылкі было 358 адрасоў.
Адзначым, раней у руках беларускіх сілавікоў апынуліся базы праектаў, якія падтрымлівае офіс Святланы Ціханоўскай, — «Чорная кніга Беларусі» і «Беларускі Гаюн», што прывяло да маштабных арыштаў.
У «ЧКБ» з кастрычніка 2020 па май 2021 года ўкараняўся супрацоўнік ГУБОПіК Артур Гайко. Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», па «справе Чорнай кнігі Беларусі» за перадачу персанальных даных у праект асуджаныя як мінімум 31 чалавек.
5 лютага 2025 года стваральнік «Беларускага Гаюна» Антон Матолька паведаміў пра ўзлом чат-бота праекта і папярэдзіў пра пагрозу бяспецы для тых, хто дзяліўся з Telegram-каналам інфармацыяй. 7 лютага стала вядома пра першыя затрыманні інфарматараў «Беларускага Гаюна». Пасля праект спыніў працу. Праваабаронцы паведамлялі пра больш за тысячу затрыманых.