22 верасня 2026, aўторак, 20:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнку не хапае бульбы

4
Лукашэнку не хапае бульбы

Пасля дэфіцыту дыктатар вырашыў «павялічваць экспарт».

Лукашэнка хоча, каб у Беларусі вырошчвалі больш бульбы і актыўней прадавалі яе за мяжу. «Ураду» ўжо даручана знайсці рынкі збыту.

Аднак планы па экспарце бульбы ўпіраюцца ў мноства старых праблем, тым больш што актыўныя продажы за мяжу аднойчы супалі з дэфіцытам бульбы ўнутры Беларусі. «Белсат» паспрабаваў разабрацца, ці можа Беларусь сур'ёзна зарабіць на бульбе.

Беларусь ніколі не славілася экспартам бульбы

Былы старшыня калгаса, спецыяліст у сельскай гаспадарцы Мікалай Лысенкаў распавёў, што Беларусь ніколі не ўмела прадаваць бульбу:

«Яшчэ да прыходу Лукашэнкі да ўлады, 30 гадоў таму, Беларусь вырошчвала ў тры разы больш бульбы, чым цяпер, але палову гэтай бульбы скормлівалі жывёле».

Таксама пад кіраўніцтвам дзяржавы бульба ў Беларусі асабліва і не вырошчвалася. У Беларусі ёсць тры тыпы гаспадарак, якія вырошчваюць бульбу, — гэта сельгасарганізацыі, прыватныя фермеры і сялянскія гаспадаркі. Апошнія — гэта звычайныя людзі, якія вырошчваюць нешта для сябе, а лішкі прадаюць. Менавіта яны заўсёды давалі большую частку ўраджаю бульбы.

Напрыклад, паводле даных Белстата, у 2025 годзе ў краіне было вырашчана 3 047,2 тысячы тон бульбы. З іх у сельгасарганізацыях — 379,9 тысячы тон, у фермераў — 452,3 тысячы тон, а на гародах людзей — 2 215 тысяч тон.

Пры гэтым эксперт ставіць пад сумнеў дакладнасць уліку бульбы, якую вырошчваюць у сялянскіх гаспадарках.

«Традыцыйна ў нас насельніцтва заўсёды вырошчвала больш, чым калгасы, але гэтая лічба бярэцца з галавы, па адчуваннях. У сельсаветах адчытваюцца таксама па адчуваннях — якія планы ім давялі год таму, так і палічылі. Ніхто насамрэч не ведае, колькі ў нас вырашчана бульбы», — кажа Лысенкаў.

Таксама асноўных вытворцаў бульбы становіцца менш — змяншаецца насельніцтва вёсак і іхнія гаспадаркі.

«Вёскі апусцелі, там няма каму ўжо трымаць парасят, кароў. Я сам вырас у вёсцы, памятаю, што ў маёй роднай вёсцы — Дрозды Стаўбцоўскага раёна — было два статкі кароў, гэта значыць больш за сотню. Цяпер там адзінкі кароў. Тое самае з пагалоўем свіней», — працягвае Лысенкаў.

Не ўмеем захоўваць бульбу

Акрамя таго, складана гаварыць пра сур'ёзны экспарт. Пакуль што беларускай бульбы хапае людзям унутры краіны прыкладна да Новага года, адзначае эксперт. Прычым справа не ў вырашчаных аб'ёмах. Калі верыць статыстыцы, то беларусы вырошчваюць бульбу з лішкам. З улікам таго, што сярэдні беларус з'ядае каля 160 кілаграмаў бульбы ў год, ужо 1 500 тысяч тон дастаткова для ўнутранага спажывання.

«Мы можам вырасціць бульбу для сябе, каб яна праляжала да Новага года. Пасля Новага года ўжо са сховішчаў тое, што мы дастаём, не мае таварнага выгляду.

Вясной і летам — у нас няма ранніх сартоў бульбы, няма тэхналогій вытворчасці бульбы, таму мы пастаянна імпартуем бульбу з Іспаніі, з Егіпта. Гэта не толькі ў 2024–2025 гадах. У нас пастаянна быў імпарт бульбы», — кажа Лысенкаў.

Пры гэтым няздольнасць захоўваць бульбу — адна з асноўных праблем, якая прывяла да бульбянога крызісу 2025 года, лічыць эксперт.

«Яна згніе ў калгасах, у лепшым выпадку скормім жывёле», — дадае Лысенкаў.

Эксперт не выключае, што беларусы зноў могуць апынуцца ў сітуацыі, калі будзе складана знайсці добрую бульбу па прымальнай цане.

Прадавалі бульбу, пакуль беларусы скардзіліся на дэфіцыт

Аднак прадаваць бульбу за мяжу Беларусь спрабавала. Якраз у разгар бульбянога крызісу, калі беларусы або не маглі знайсці бульбу ў крамах, або яна была жудаснай якасці і па высокай цане, рынак у Кішынёве быў «завалены беларускай бульбай». Пры гэтым адзначалася яе высокая якасць.

Напярэдадні таго крызісу Беларусь пачала актыўна гандляваць бульбай. Паведамлялася пра рост продажаў у Расію ў 2024 годзе.

Паводле Еўрастату, у 2025 годзе Беларусь працягвала прадаваць свежую і ахалоджаную бульбу Малдове і Паўночнай Македоніі. Прычым продажы ў Малдову былі ў тым ліку на пачатку года, калі ў Беларусі назіраўся дэфіцыт. Такім чынам, тыя пастаўкі толькі пагоршылі сітуацыю з недахопам бульбы.

Усяго за год экспарт бульбы ў Малдову склаў € 2,3 млн, у Паўночную Македонію — € 23,3 тысячы.

У першыя сем месяцаў 2026 года Малдове было прададзена бульбы няшмат — на € 38 тысяч. Яшчэ трохі набыла Сербія — на € 5,4 тысячы.

Разам з тым у 2025 годзе Беларусь імпартавала з ЕС бульбы на € 4 млн. Большую частку — з Польшчы. Экспарту гэтага прадукту ў ЕС няма.

Таксама бульбу прывозілі летась з Грузіі (на € 1,1 млн) і Паўночнай Македоніі (на € 10 тысяч). Закупы з гэтых краін працягнуліся ў 2026 годзе. За першыя сем месяцаў імпарт бульбы з ЕС склаў € 4,3 млн, а з Грузіі — € 816 тыс.

Актуальных дадзеных па гандлі з Расіяй няма, бо статыстыка закрытая і ў Беларусі, і ў Расіі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках