У Беларусі зачыняецца папулярная сетка крамаў тавараў для дома
3- 22.09.2026, 9:55
- 4,894
Большасць крам ужо спынілі працу.
У Беларусі сыходзіць з рынку вядомая сетка тавараў для дома. Ідзе гаворка пра рытэйлера VDOM, большасць яго крам ужо спынілі працу.
Кампанія таксама спыніла анлайн-продажы. Інтэрнэт-крама больш не прымае замовы, звярнуў увагу Office Life.
Згортваць рознічную сетку VDOM пачаў яшчэ напрыканцы мая. Тады кампанія абвясціла распродаж са зніжкамі да 70%, пасля чаго крамы пачалі паступова зачыняцца.
Асноўная хваля прыпала на жнівень. За месяц спынілі працу крамы ў Гродне, Маладзечне, Жодзіне і Гомелі, а таксама тры крамы ў Мінску.
Працэс працягнуўся і ў верасні. VDOM закрыў крамы ў Гомелі, Бабруйску, Рэчыцы і Віцебску.
Пасля гэтага рытэйлер абвясціў фінальны распродаж, павялічыўшы зніжкі да 70–90%.
Зараз у сеткі застаюцца толькі дзве дзейныя крамы. Абедзве знаходзяцца ў Мінску: у ТЦ «Спектр» і ТРЦ «Тывалі». Аднак апошняя зачыніцца ўжо 23 верасня.
Пра прычыны сыходу з рынку ў кампаніі пакуль не паведамілі. Ніякіх тлумачэнняў з гэтай нагоды няма ні на сайце VDOM, ні ў яго сацыяльных сетках.