Пашынян ламае негалоснае правіла
- 11.09.2026, 10:23
- 5,474
Былыя прэзідэнты страцілі недатыкальнасць.
Дзесяцігоддзямі ў Арменіі, як і ва многіх іншых постсавецкіх краінах, дзейнічала негалоснае палітычнае правіла — былыя кіраўнікі дзяржавы атрымліваюць абсалютныя гарантыі недатыкальнасці. Нікол Пашынян стаў першым лідарам краіны, які радыкальна зламаў гэтую традыцыю. Крымінальныя справы супраць экс-прэзідэнтаў Роберта Качарана і Сержа Саргсяна, арышты і працэсы па канфіскацыі маёмасці рэзка змянілі правілы гульні ў палітыцы, якую ўлады называюць выкананнем мандату «аксамітнай рэвалюцыі» 2018 года, а апазіцыя — інструментам перадзелу ўласнасці і зводам палітычных рахункаў, піша сайт «Нямецкай хвалі».
Удар па «недатыкальных»
Чарговы віток крымінальных пераследаў паследаваў у жніўні 2026 года — усяго праз два месяцы пасля парламенцкіх выбараў, якія многія эксперты называюць найбольш напружанымі з гледзішча ўнутрыпалітычнай канфрантацыі і вострасці ўзаемных папрокаў.
Па рашэнні Антыкарупцыйнага суда другі прэзідэнт Арменіі Роберт Качаран і яго старэйшы сын Седрак былі арыштаваныя на два месяцы. Следства вылучыла супраць былога кіраўніка дзяржавы абвінавачанні, якія ўключаюць «злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры і адмыванне грошай у перыяд яго прэзідэнцтва». Яго сын праходзіць па той жа крымінальнай справе, прычым суд нават абмежаваў яго права на пабачэнні.
Практычна сінхронна з гэтым Генеральная пракуратура Арменіі ініцыявала крымінальны пераслед у дачыненні яшчэ дзевяці асоб у межах гэтай справы. Сярод іх апынуўся і трэці прэзідэнт краіны Серж Саргсян. Яму інкрымінуюць «адмыванне грошай у асабліва буйным памеры, злоўжыванне паўнамоцтвамі і садзейнічанне ў атрыманні хабару». У якасці меры стрымання для Саргсяна была абраная забарона на выезд з краіны.
Між тым гэта далёка не першы выпадак, калі былыя лідары трапляюць пад прыцэл праваахоўных органаў. Саргсяну яшчэ ў снежні 2019 года былі прад'яўлены абвінавачанні па так званай «справе аб дызпаліве», звязанай з растратаю дзяржаўных сродкаў у перыяд яго прэзідэнцтва. Качаран жа і ўвогуле апынуўся пад арыштам ужо ў ліпені 2018 года, неўзабаве пасля змены ўлады, па гучнай справе «аб звяржэнні канстытуцыйнага ладу».
Злом пераемнасці
Паводле ацэнкі дырэктара Інстытута Каўказа, армянскага палітолага Аляксандра Іскандарана, падзеі 2018 года сталі не проста зменай кіраўніцтва, а першым кардынальным разрывам армянскай палітычнай традыцыі, закладзенай яшчэ напрыканцы 1980-х. Таму, паводле яго слоў, дэмантаж гарантый недатыкальнасці былых лідараў не стаў праблематычным для прадстаўнікоў новай эліты.
«Да 2018 года ва ўладзе захоўвалася пераемнасць», — адзначае эксперт у размове з DW. Папярэднія крызісы, уключна з транзітамі ўлады 1998 і 2008 гадоў, паводле яго слоў, заставаліся выключна ўнутрысістэмнымі, тады эліта толькі «пераапраналася, змяняла сваё аблічча». Пры гэтым ён дадаў, што рэвалюцыя 2018 года справакавала глыбокі зрух, цалкам пазбавіўшы новую ўладу ранейшай «карпаратыўнай салідарнасці». «Ля штурвала апынуліся людзі, якіх прынята называць „пакаленнем незалежнасці“, што не маюць савецкага апаратнага досведу...», — тлумачыць Іскандаран.
Гэтую думку ў размове з DW развівае армянскі праваабаронца Артур Сакунц, тлумачачы дэмантаж старых гарантый неабходнасцю пакончыць з сістэмай, якую ён характарызуе як «захоп дзяржавы». Паводле яго слоў, да 2018 года беспакаранасць эліт мела сістэмны характар. «Менавіта гэтая сістэмнасць і была галоўнай прычынай таго, што прынцып роўнасці ўсіх перад законам не дзейнічаў, а прэзідэнты лічыліся недатыкальнымі», — адзначае ён.
У той жа час праваабаронца падкрэслівае, што хаця рэвалюцыя і стала вымушанай мерай для зламу старой сістэмы, гаварыць пра поўную перамогу над былымі заганамі пакуль рана. «Сучасныя праявы выбарачнага правасуддзя даказваюць, што культура беспакаранасці пакуль не пераадолена цалкам», — канстатуе Сакунц.
Эха справы «1 сакавіка»
Крымінальны пераслед Роберта Качарана з самага пачатку караніўся ў падзеях канца яго прэзідэнцкага тэрміну. Справа аб звяржэнні канстытуцыйнага ладу датычылася трагічных падзей 1 сакавіка 2008 года. Тады ў цэнтры Ерэвана адбылося сутыкненне паміж праваахоўнікамі і прыхільнікамі Лявона Тэр-Петрасяна, першага прэзідэнта і асноўнага палітычнага канкурэнта ўлады, якія не прызналі вынікі выбараў.
Загінулі дзесяць чалавек, сотні атрымалі раненні. Нікол Пашынян, будучы тады адным з самых актыўных дзеячаў апазіцыі, пасля гэтых падзей правёў больш за год у падполлі, затым здаўся ўладам і выйшаў па амністыі толькі ў маі 2011 года.
Гэтыя падзеі, як адзначаюць эксперты, аказалі значны ўплыў на палітычны ландшафт Арменіі. Менавіта падзеі 2008 года, паводле ацэнак многіх назіральнікаў, сталі каталізатарам, які заклаў падмурак для будучага зламу старой палітычнай сістэмы. Яны, як адзначае Аляксандр Іскандаран, сфармавалі «ўстойлівую сеткавую базу апазіцыйных актывістаў». У гэтым асяроддзі Нікол Пашынян і прайшоў сваю эвалюцыю як лідар пратэстаў. «У выніку менавіта гэта назапашаная дзесяцігоддзем пратэсная энергія і гарызантальныя сувязі дазволілі новаму пакаленню дэмантаваць былы рэжым», — тлумачыць Іскандаран.
Алігархам пакінуць пенсію
Сёння абодва былыя прэзідэнты таксама праходзяць па справах аб незаконным узбагачэнні і канфіскацыі маёмасці. Апазіцыя называе гэты працэс «інструментам пераразмеркавання ўласнасці неляяльных палітыкаў», у той час як урад настойвае, што выконвае «асноўнае патрабаванне рэвалюцыі — аднаўляе справядлівасць».
Сам Нікол Пашынян пасля жнівеньскіх арыштaў 2026 года перайшоў да жорсткай рыторыкі. На ўрадавым брыфінгу прэм'ер-міністр простым тэкстам абазначыў новыя правілы гульні для былой эліты, згадаўшы не толькі прэзідэнтаў, але і лідара партыі «Працвітаючая Арменія», буйнага бізнесмена Гагіка Царукяна, які таксама нядаўна апынуўся пад арыштам. Цяпер абвінавачаны ў буйных фінансавых махінацыях і нясплаце падаткаў, Царукян раней вызначаўся палітычнай гібкасцю. Паспеўшы пабываць у саюзе з абодвума экс-прэзідэнтамі, у 2018 годзе лідар «Працвітаючай Арменіі» своечасова ўсвядоміў непазбежнасць змены ўлады, ненадаўга падтрымаўшы Нікола Пашыняна і ўвайшоўшы ў склад яго пераходнага кабінета міністраў.
«Палітычная задача наступная: Роберт Качаран, Серж Саргсян, Гагік Царукян, калі надыходзіць першае чысло месяца, павінны адкрыць тэлефон і паглядзець, ці прыйшла пенсія, — заявіў Пашынян. — Бо яны павінны жыць на сваю пенсію і законныя даходы. А тое, што набыта незаконна, павінна быць да капейкі, да лумы вернута Рэспубліцы Арменія і яе народу. Іншага варыянту няма». Ён дадаў, што калі гэтага не адбудзецца, краіне спатрэбіцца «новая рэвалюцыя».
Новая эліта на чале з Ніколам Пашынянам, лічыць Іскандаран, успрымае сябе часткай зусім «іншай карпарацыі», а папярэднюю палітычную традыцыю «калі не пахавала, дык хавае». Падобны тып элітаў, на яго думку, раней праяўляўся і ў іншых краінах рэгіёна — напрыклад, у Грузіі часоў Міхаіла Саакашвілі або ў Малдове, падсумоўвае палітолаг.