22 жнiўня 2026, Субота, 21:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пра талібаў у Слуцку

4
Пра талібаў у Слуцку

Не, гэта не сон пры тэмпературы 39 градусаў — гэта сённяшняя Беларусь.

Фота, апублікаваныя белдзяржпрапагандай, шакавалі нават бывалых. Прадстаўнікі «Талібана» з дрэнна прыхаванай агідай слухаюць беларуску (якая звяртаецца да мужчын з непакрытай галавой), што нахвальвае ім айчынную прадукцыю харчпрама.

Не, гэта не сон пры тэмпературы 39 градусаў — гэта сённяшняя Беларусь. Ябацькі і прапагандысты падаюць прыезд прадстаўнікоў тэрарыстычнага «Талібана» як заваяванне свету беларускай якасцю.

З чым тут дакладна можна пагадзіцца, дык гэта з якасна новым узроўнем абвастрэння постмадэрну, у якім жыве наша краіна ўжо сёмы год.

Усе, хто хоць трохі памятае дзевяностыя і нулявыя, аўтаматычна змяшчаюць такія назвы, як «Аль-Каіда», «Талібан», «Бока Харам» і ім падобныя, у скрыню — тэрарызм. Так было заўсёды, і гэта пацвярджалася шматлікімі міжнароднымі канферэнцыямі, дагаворамі, пагадненнямі, ваеннымі аперацыямі, якія былі накіраваныя супраць сусветнага тэрарызму.

Дзе мы звярнулі не туды на гэтым шляху, калі талібы, што захапілі ўладу ў краіне, катуюць і забіваюць мірных грамадзян і заганяюць пад плінтус усіх жанчын краіны, сталі паважанымі міжнароднымі партнёрамі?

Упэўнены, што такое «партнёрства» павергае ў шок не толькі праціўнікаў, але і прыхільнікаў сённяшняй улады, бо пры ўсёй крыважэрнасці і агрэсіі ябацькоў нават яны разумеюць, што талібы — гэта ўжо зусім запрадэльныя тыпы, сяброўства з якімі нічога добрага не абяцае.

Аднак сённяшняя лінія партыі хістаецца настолькі моцна, што перахлёствае саму сябе. Яскравы прыклад — уважлівае вывучэнне спісу тэрарыстаў, складзенага КДБ, у якім ёсць не толькі беларускія грамадскія актывісты, але і (о, цуд!) рэальныя тэрарысты.

У гэтым спісе фігуруе Шэр Махамад Абас Станікзай — намеснік міністра замежных спраў у ўрадзе талібаў. Наяўнасць у спісе тэрарыстаў ніяк не перашкодзіла талібскаму чыноўніку сустрэцца са сваім беларускім калегам Сяргеем Лукашэвічам у Кабуле і абмяркоўваць там супрацоўніцтва Беларусі і Афганістана.

Як і ва многіх іншых выпадках, тут дзейнічае сфармуляваны кіраўніком мінскага рэжыму прынцып «часам не да законаў». Вядома, усе тэрарысты роўныя перад законам, але некаторыя раўнейшыя, ды і, як бачым, закон — рэч неабавязковая і выключаецца тумблерам.

У цэлым, шакуючыя фота талібаў у Слуцку чарговы раз нагадваюць нам, што лукашэнкаўскія ўлады робяць добрую міну пры дрэннай гульні. Нягледзячы на ўсе намаганні вярнуцца ў цывілізаваны свет у якасці паўнавартаснага ўдзельніка міжнародных адносін, мінскі рэжым вымушаны дэманстраваць як знешнепалітычны прарыў візіт рэлігійных фанатыкаў і фундаменталістаў, якія трымаюць у страху і катуюць свой народ, прымушаюць сваіх праціўнікаў уцякаць з краіны, знішчылі грамадзянскую і акадэмічную супольнасці і незалежныя медыя.

Хоць, калі перачытаць апошнія словы, то атрымаецца, што паміж лукашыстамі і «Талібанам» хапае агульнага.

Сяргей Кавальчук, «Салідарнасць»

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках