Чарнаморскі флот Расіі трапіў у пастку ў Наварасійскай бухце
3- 22.08.2026, 19:36
- 5,432
Украіна б’е з паветра і мора.
Перабазаванне расійскага Чарнаморскага флоту з анексаванага Севастопаля ў Наварасійск увосень 2023 года павінна было ўратаваць яго ад удараў ЗСУ. Аднак нядаўнія ўдары па двух фрэгатах, «Адмірал Макароў» і «Адмірал Эссен», непасрэдна ля прычала порта Наварасійска прадэманстравалі ўразлівасць гэтай ваеннай базы і караблёў у ёй. Абмяркоўваюцца два магчымыя сцэнары: хавацца ў Цемескай бухце, умацоўваючы яе абарону, або шукаць новую ваенна-марскую базу на Чорным або Азоўскім моры. Ні той, ні другі шлях не здаецца простым.
Руская служба BBC паспрабавала разабрацца, як Расія можа захаваць свой Чарнаморскі флот.
Зыходзячы са спадарожнікавых здымкаў, 12 жніўня ўдар украінскіх дронаў прыйшоўся проста ў раён пускавых установак ракет «Калібр» у насавой частцы двух расійскіх фрэгатаў. Гэтымі ракетамі расійскі флот абстрэльвае аб’екты на тэрыторыі Украіны.
Украінскі OSINT-канал Exilenova, прааналізаваўшы спадарожнікавыя кадры караблёў пасля налёту, сцвярджае, што абодва фрэгаты атрымалі пашкоджанні, у выніку якіх больш не могуць запускаць ракеты «Калібр».
Расійскі канал «Ваенны асведаміцель» піша, што «пры найгоршым сцэнары караблям спатрэбіцца працяглы дакавы рамонт, што азначае страту для Чарнаморскага флоту на нявызначаны тэрмін двух сучасных фрэгатаў з аднаразовым залпам у 16 крылатых ракет».
На здымку бачныя сляды сажы ў раёне пускавых установак ракет у насавой частцы караблёў, але па іх характары дакладна вызначыць ступень шкоды цяжка.
Каментуючы гэты ўдар, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сказаў, што ў ім выкарыстоўваліся і крылатыя ракеты, і дроны, і безэкіпажныя катэры.
Той факт, што украінскія дроны або ракеты не проста даляцелі да караблёў, але трапілі ў крышкі люкаў ракетных пускавых установак, наглядна дэманструе, што ЗСУ могуць спланаваць вельмі складаную аперацыю і нанесці ўдар па найбольш абароненай ваеннай базе на Чорным моры.
Апошні рубеж?
У Расіі на Чорным моры было дзве асноўныя ваенна-марскія базы. Севастопальская — галоўная, Наварасійская — другарадная.
Пасля распаду СССР Расія арандавала Севастопальскую базу ў Украіны. У 2014 годзе Масква яе анексавала, выкарыстаўшы ў тым ліку войскі, якія размяшчаліся ў Крыме па дамове з Кіевам.
Севастопальская база размешчана ў некалькіх бухтах, яна ўключае сударамонтныя магутнасці, склады, партовую інфраструктуру. Акрамя базы ў Севастопалі, у Крыме таксама знаходзяцца іншыя аб’екты ВМФ — аэрадромы, пазіцыі СПА, радыёлакацыйныя станцыі, іншыя базы, сударамонтныя і суднабудаўнічыя заводы.
Аднак расійскі Чарнаморскі флот быў вымушаны пакінуць такую зручную стаянку. Яна знаходзілася занадта блізка да мацярыковай часткі Украіны.
Паветраныя сілы Украіны атрымалі высокадакладныя крылатыя ракеты, якімі можна было знішчаць караблі, што апынуліся ў вузкіх бухтах і доках, а калі тыя выходзілі ў мора, то там яны станавіліся здабычай безэкіпажных катэраў. Акрамя таго, украінцы нарошчвалі магчымасці нанясення удараў беспілотнікамі.
Знайсці спосаб гарантавана абараніцца ад гэтых пагроз расіяне пакуль не здолелі.
Рашэнне ўкрыць флот у аддаленым ад Украіны Наварасійску выглядала разумным. Адлегласць ратавала і ад удараў БЭКаў, і ад налётаў дронаў — яна давала шанец заўважыць іх загадзя і падрыхтавацца.
Аднак па меры развіцця ўкраінскіх ударных сродкаў Цемеская бухта, відавочна, становіцца такой жа пасткай, як і севастопальскія: па караблях ля прычалаў лёгка ўдарыць з паветра, а калі вывесці іх у мора, то там іх могуць паразіць БЭКі.

Фото: Reuters
Перамяшчаць флот больш няма куды. На Чорным моры ў Расіі ёсць база тэхнічнага абслугоўвання, што будуецца, у абхазскай Ачамчыры, на Азоўскім — порты ў Цемруку і Таганрогу.
Аднак інфраструктуры для базавання ваеннага флоту, супастаўнай з крымскай або наварасійскай, там няма, а будаваць яе доўга і дорага.
У Расіі многія каментатары даўно лічаць становішча флоту, калі не безнадзейным, дык вельмі складаным.
«Вораг дабівае Чарнаморскі флот у Наварасійску», — з такім загаловкам яшчэ ў маі выйшаў артыкул на сайце тэлеканала «Царьград». «Калі яшчэ ў 2023 годзе ён [флот] даглядваў караблі, што ішлі ў так званую Украіну, дык цяпер запёрся ў Наварасійску», — пісаў у ліпені тэлеграм-канал «Рыбар».
Ці можна падрыхтаваць флот да сучаснай вайны?
Расійскі ваенны эксперт, які пажадаў застацца неназваным з меркаванняў бяспекі, сказаў у інтэрв’ю Бі-бі-сі, што падрыхтаваць флот да супрацьстаяння з марскімі безэкіпажнымі катэрамі тэарэтычна можна, але для гэтага трэба кожны карабель змяшчаць у док сударамонтнага завода.
«Праблема ў тым, што сур’ёзная суднабудаўнічая прамысловасць, якая ёсць на Чорным моры, уразлівая, бо гэта Керч, Феадосія, а яны пад ударамі дронаў. І Севастопальскі сударамонтны завод таксама, адпаведна, пад ударам. Таму ўсё, што можна зрабіць, усё, што патрабуе сур’ёзнага заводскага рамонту, — гэта рызыкоўна», — сказаў ён.
«Там трэба ўсталёўваць [на караблі] шэраг новых сістэм, потым выпрабоўваць гэта дзесьці ў больш-менш спакойных умовах. І пасля гэтага ўжо выходзіць з гэтым у бой і правяраць, наколькі ты стаў [мацнейшы]. Адпаведна, зрабіць гэта ў рэгіёне, дзе твае суднабудаўнічыя і сударамонтныя магутнасці пад пагрозай атакі, складана», — распавёў эксперт.
Пры гэтым закрытыя Турцыяй пралівы не дазваляюць вывесці караблі з Чорнага мора і мадэрнізаваць іх на іншых расійскіх марскіх заводах, дадаў ён. Немагчыма таксама правесці праз пралівы караблі з Міжземнага ў Чорнае мора, узмоцніўшы такім чынам флот.
У выпадку з БЭКамі, як і з дронамі і крылатымі ракетамі, галоўнай праблемай з’яўляецца своечасовае выяўленне ўдарных сродкаў. У Наварасійску зрабіць гэта прасцей, бо адлегласць да берага, які кантралюе Украіна, большая.
Але ЗСУ паслядоўна наносяць удары па мэтах у Крыме, сярод якіх у тым ліку і радары СПА, што дапамагаюць адсочваць дроны і крылатыя ракеты. Крымскія аэрадромы з марской авіяцыяй таксама ў зоне дзеяння ўкраінскіх беспілотнікаў, што ўскладняе кантроль над марской акваторыяй.
Таму абараняць флот у Цемескай бухце таксама вельмі цяжка.
У аблозе
Аднак нават калі б флот можна было падрыхтаваць да вайны ў адкрытым моры, дзе караблі маглі б выкарыстоўваць манеўр і хуткасць, для гэтага трэба было б пераадолець адміністрацыйны супраціў.
Як распавёў расійскі ваенны эксперт, ніхто не захоча браць на сябе адказнасць за жыцці людзей і захаванасць матэрыяльных сродкаў.
«Хто гатовы ўзяць на сябе рызыку праверкі гэтай справы, бо ўсё роўна так ці інакш непазбежна будзе ўдар і страты? Адно — калі ў нас удар па караблях ля берагоў, дзе можна ўвогуле абысціся без страт. Калі непасрэдна ніхто не загінуў пры ўдары, то далей пажар будзе патушаны, а людзі выратуюцца. А калі карабель, прабачце, у моры, то гэта рызыка вялікай страты дзесяткаў чалавек. Гэта багата наступствамі. Ніхто не хоча пад гэта падстаўляцца», — сказаў ён.
Абароніцца ў Цемескай бухце ад удараў дронаў і крылатых ракет складана. Па-першае, Украіна ўжо прадэманстравала падчас налётаў на розныя мэты на тэрыторыі Расіі, што нават такі стратэгічна важны горад, як Масква, немагчыма цалкам закрыць ад атак з паветра.
Па-другое, сродкі паражэння пастаянна мадэрнізуюцца. Украіна ўжо ў стане нанесці ўдар такімі разнароднымі сродкамі, як дроны, крылатыя ракеты і безэкіпажныя катэры.

Фото: Reuters
Тым не менш паразіць карабель, як распавёў у інтэрв’ю Бі-бі-сі капітан першага рангу ў запасе ВМС Украіны, а цяпер эксперт амерыканскай кампаніі Sonata Андрэй Рыжэнка, не так ужо і проста: «Па такім фрэгату трэба ўжыць дзве-тры крылатыя ракеты. Супрацькарабельныя. У нас такіх ракет не надта шмат. Першы раз па „Макарову“ мы ўжылі [украінскі безэкіпажны катэр] „Магура“ з баявой часткай 70 кілаграмаў. Гэта няшмат. Каб знішчыць „Макароў“, трэба, каб яго маглі [паразіць] дзве-тры „Магуры“ з баявой часткай 300–400 кілаграмаў».
«А цяпер, па-першае, гэта была „Магура“ з невялікай баявой часткай, а потым мы ведаем, што былі ўдары паветранымі дронамі мідлстрайк, якія могуць нанесці шкоду пэўным часткам карабля, але так знішчыць яго немагчыма. Знішчыць такі карабель можа або крылатая ракета, або балістычная ракета. Такая, як ATACMS», — сказаў эксперт.
Пагроза
Нягледзячы на складаную сітуацыю, расійскі Чарнаморскі флот зусім не паражаны, ён уяўляе сур’ёзную пагрозу для Украіны.
Першапачаткова ён выконваў шмат буйных задач. Па-першае, ён дазваляў Расіі праецыраваць сілу на ўсю акваторыю Чорнага мора, а таксама на Міжземнае мора і нават Атлантычны акіян.
Ваенная аперацыя Расіі ў Сірыі абапіралася на так званы «Сірыйскі экспрэс» — марскія пастаўкі неабходных грузаў праз Басфор і Дарданелы. Праз пралівы ў Міжземнае мора выходзілі і баявыя караблі.
Некалькі караблёў Чарнаморскага флоту, уключаючы фрэгат «Адмірал Грыгаровіч», а таксама падлодкі «Наварасійск» і «Краснадар», апынуліся «па-за межамі», калі Турцыя закрыла пралівы ў 2022 годзе пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.
Па-другое, ён дазваляў кантраляваць марскія камунікацыі ў Чорным моры. Этым флот займаецца і цяпер, утрымліваючы пад кантролем марскія шляхі ў Адэсу.
Па-трэцяе, як і любы ваенна-марскі флот, ЧФ рыхтаваўся да актыўных баявых дзеянняў — дэсантных высадкаў, марскіх баёў з іншымі караблямі, абстрэлаў цэлей на зямлі. Выкананне гэтай задачы застаецца ці не галоўнай функцыяй караблёў Чарнаморскага флоту.
«Першая пагроза Чарнаморскага флоту — ракетныя ўдары па гарадах Украіны, па партавай інфраструктуры. У Чарнаморскага флоту ёсць такія магчымасці. У яго ёсць два фрэгаты, ёсць падлодкі, ёсць карвэты класаў „Каракурт“ і „Буян“. […] Там, у прынцыпе, вымалёўваецца дастаткова небяспечная для нас лічба — каля ста ракет „Калібр“», — сказаў у інтэрв’ю Бі-бі-сі Андрэй Рыжэнка.

Фото: Getty Images
Па яго словах, яшчэ небяспечней тое, што ўсе носьбіты ракет «Калібр» могуць прайсці мадэрнізацыю і пачаць выкарыстоўваць ракеты «Цыркон», яшчэ больш небяспечныя для Украіны.
Другая пагроза, паводле Рыжэнкі, — расійскія берагавыя ракетныя комплексы, такія як «Бастыён», а таксама магчымасці запуску ўдарных беспілотнікаў. Трэцяя небяспека — кантроль над судаходствам. Паводле эксперта, у складзе Чарнаморскага флоту ёсць карвэты, патрульныя караблі і мінныя загараджальнікі, якія нясуць пагрозу ўкраінскаму судаходству.
Чым меншы, тым лепшы?
Зараз для Чарнаморскага флоту сітуацыя выглядае не надта добра.
Пакуль працягваецца вайна, Расія не ў стане ні будаваць для гэтага флоту вялікія караблі з-за адсутнасці буйных верфяў у рэгіёне, ні перакідваць такія караблі праз пралівы з іншых флатоў — з-за закрытых праліваў.
У выніку ў склад флоту пасля пачатку ўварвання ўваходзілі невялікія патрульныя караблі. «Сяргей Котаў», напрыклад, быў уключаны ў склад флоту ў 2022 годзе (і патоплены ў 2024-м). Акрамя таго, у Расіі будуецца серыя лёгкіх ракетных карвэтаў «Каракурт», узброеных ракетамі «Калібр».
Гэта ўпісваецца ў канцэпцыю так званага «камарынага флоту», якую яшчэ да пачатку расійскага ўварвання прыняла Украіна. У 2021 годзе камандуючы ВМС контр-адмірал Аляксей Неіжпапа прадставіў на форуме «Украіна 30. Бяспека краіны» канцэпцыю развіцця флоту, якая ўключала якраз карвэты і ракетныя катэры, а таксама выведвальна-ўдарныя дроны (тыпу «Байрактар») і берагавыя ракетныя комплексы.
Зараз гэтая канцэпцыя змянілася пад уплывам рэалій вайны, але тым не менш у цэлым застаецца актуальнай: замест ракетных катэраў — БЭКі, замест «Байрактараў» — ударныя дроны, а крылатыя ракеты запускаюць не толькі з зямлі, але і з самалётаў.
З флотам, які складаецца з невялікіх плаўсродкаў, змагацца цяжэй. Але пры гэтым ён не можа актыўна дзейнічаць на аддаленні ад баз.
І калі Расія будзе і далей уводзіць у лад ракетныя катэры замест фрэгатаў, то гэта дазволіць Чарнаморскаму флоту ваяваць з Украінай, але наўрад ці дасць магчымасць прысутнічаць у Міжземным моры і тым больш Атлантыцы.