Брата вядомай расійскай актрысы Кацярыны Волкавай абвінавачваюць у жорсткім двайным забойстве
- 21.08.2026, 11:45
- 6,924
Леанід Волкаў забіў і расчляніў двух суайчыннікаў з Пецярбурга.
Брата народжанай у Таліне зоркі серыяла «Вароніны» Кацярыны Волкавай абвінавачваюць у ЗША ў забойстве і расчляненні гей-пары. Судовы працэс цягнецца ўжо больш за два гады, а абарона расіяніна каштавала амерыканскім падаткаплатнікам 25 тысяч долараў. Інтарэсы абвінавачанага прадстаўляюць адны з найлепшых адвакатаў Масачусетса, піша delfi.ee.
Судовы працэс у справе Леаніда Волкава, брата актрысы Кацярыны Волкавай, цягнецца ўжо больш за два гады. Следства сцвярджае, што расіянін жорстка расправіўся з двума суайчыннікамі з Пецярбурга і расчляніў іх — 28-гадовага фатографа Паўла Векшына і яго 37-гадовага сябра Кірыла Шчукіна. Паводле адной з версій, прычынай забойства стаўся жыллёвы канфлікт. Асноўнай жа прычынай зацягвання справы сталі прафесійныя дзеянні адвакатаў Волкава — Дэбры ДэВіт і Эрыха Браянта. Першая ўваходзіць у рэйтынг Super Lawyers і лічыцца адной з найлепшых у штаце Масачусетс, а другі адвакат раней перамагаў у гучных крымінальных працэсах.
Паводле звестак «Базы», іх праца па абароне Волкава ўжо каштавала бюджэту штата Масачусетс больш за 25 тысяч долараў. Справа ў тым, што амерыканскія ўлады прызналі расіяніна нямаёмным, таму прадставілі яму «бясплатных» адвакатаў. У выніку ДэВіт і Браянт майстэрска зацягваюць справу, заказваюць экспертызы і завальваюць суд хадайніцтвамі. І ўсё гэта нягледзячы на мноства доказаў, прадстаўленых абвінаваўцам. Напрыклад, на тое, што Волкаў карыстаўся банкаўскімі карткамі ахвяр ужо пасля іх забойства. Імі ён аплаціў ачышчальныя сродкі, пальчаткі і пластыкавыя кантэйнеры, у якіх пазней знайшлі рэшткі забітых.
У выпадку прызнання Леаніда Волкава вінаватым яму пагражае велізарны турэмны тэрмін да канца яго дзён, без права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне. Сястра абвінавачанага, актрыса Кацярына Волкава, дагэтуль лічыць, што яе сваяк не мог учыніць такое жудаснае злачынства.