Жыхар Белгарада напісаў пра «пляшывага Пуціна»
8- 21.08.2026, 7:36
- 11,408
Паведамленні мужчыны выявілі супрацоўнікі цэнтра «Э».
Суд у РФ аштрафаваў на 30 тысяч расійскіх рублёў жыхара Белгарада за каментары пра Уладзіміра Пуціна і расійскіх вайскоўцаў у чаце ў Telegram, паведамляе «Пепел». 47-гадовы Грыгорый Б. назваў прэзідэнта «х**лам пляшывым», а ягоных прыхільнікаў — «пуцінскімі х**сосамі». На пытанне пра сваё стаўленне да ўдзельнікаў вайны супраць Украіны белгарадзец заявіў, што яны «ахвяры рэжыму» Пуціна.
Паведамленні мужчыны выявілі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення МУС па супрацьдзеянні экстрэмізму (цэнтра «Э») і склалі на яго пратаколы аб абразе прадстаўніка ўлады і «дыскрэдытацыі» расійскай арміі. У судзе белгарадзец прызнаў віну, але заявіў, што «не меў умысла на дыскрэдытацыю» і пісаў каментары ў стане алкагольнага ап'янення.
Ён таксама папрасіў даць яму магчымасць выплаціць штраф у растэрміноўку з-за цяжкага матэрыяльнага становішча, растлумачыўшы, што яго адзіны даход — пенсія па інваліднасці ў памеры 19 тысяч рублёў. Суд просьбу задаволіў, дазволіўшы пагасіць абавязацельствы цягам трох месяцаў.
Колькасць спраў аб абразе Пуціна рэзка павялічылася пасля ўварвання Расіі ва Украіну. Паводле звестак «Версткі», у 2021 годзе суды разгледзелі 33 такія пратаколы, а ў 2022-м — ужо не менш як 84. У 2023 годзе паказчык знізіўся да 54, аднак у 2024-м ізноў вырас — да 91. За сем месяцаў 2025 года суды разгледзелі як мінімум 35 падобных спраў.
У ўсіх выпадках гаворка ішла пра дробнае хуліганства (артыкул 20.1 КаАП). Большасць пратаколаў склалі паводле часткі 3 гэтага артыкула, якая дазваляе караць за «няпавагу» да ўлады ў інтэрнэце. Яна з'явілася ў сакавіку 2019 года па ініцыятыве «Адзінай Расіі».