Прапагандыст Клінцэвіч распавёў пра галоўнае пытанне расіян
3- 2.08.2026, 15:03
- 4,530
Непрыемная для Крэмля навіна прагучала ў эфіры ў Салаўёва.
Расіянам надакучыла так званая «СВА». Больш за ўсё расіяне цяпер жадаюць спынення вайны і вяртання да мірнага жыцця без санкцый. Пра гэта заявіў крамлёўскі палітолаг, прапагандыст Андрэй Клінцэвіч у эфіры «Салаўёў live», перадае Dialog.UA.
«Вы ведаеце, самае распаўсюджанае пытанне, якое мне заўсёды задаюць, — гэта: «А калі гэта (вайна. — Рэд.) скончыцца»? У бізнесменаў, у простых працаўнікоў гэта асноўнае пытанне… Ёсць ілюзія, што там, на фронце, ідзе нейкая вайна, якая сюды не далятае, і яна мусіць хутка скончыцца, і ў іх адкрыецца шмат тых магчымасцяў, якія раней былі закрытыя… Гэта і побыт, і паездкі, і карткі, і гэтак далей», — заявіў Клінцэвіч.
Ён канстатаваў, што запыт на мір узнік тады, калі вайна закранула простых расіян. «Мне хочацца адказаць больш шырокай аўдыторыі: гэта надоўга! Тое, што цяпер б’юць па нашай інфраструктуры, — гэта паказчык таго, што да нас з вамі, да простых людзей, якія не знаходзяцца на фронце, прыйшла вайна. Менавіта такую задачу ставіць сабе праціўнік — разбурыць адзінства грамадства, разбурыць сувязь, парушыць грамадскі дагавор, які вызначае давер да ваенна-палітычнага. На гэта цяпер накіраваныя ўсе намаганні Украіны і яе ваеннага тылу: Вялікабрытаніі і ЕС», — дадаў прапагандыст. Фактычна ён прызнаў, што Крэмль не збіраецца спыняць вайну.