Гардон: Украіна з Лукашэнкам цырымоніцца не будзе
3- 2.08.2026, 15:45
- 3,800
Дыктатар разумее толькі мову сілы.
Аляксандр Лукашэнка разумее толькі мову сілы, і «мы з ім будзем размаўляць адныне і заўсёды толькі мовай сілы», сказаў у эфіры «Белсата» украінскі журналіст Дзмітрый Гардон. Ён пералічыў мэты адказных удараў Узброеных Сіл Украіны ў выпадку абстрэлаў з беларускай тэрыторыі, і гэта не толькі НПЗ.
«Даверу да яго ніякага, ён разумее толькі мову сілы, і мы з ім будзем размаўляць адныне і заўсёды толькі мовай сілы», — заявіў Дзмітрый Гардон, тлумачачы, чаму Кіеў змяніў паводзіны з Аляксандрам Лукашэнкам. Гардон нагадаў, як у інтэрв’ю ў 2020 годзе дыктатар абяцаў яму, што «ніколі з тэрыторыі Беларусі ва Украіну не прыйдуць расіяне», але слова не стрымаў.
Паводле слоў журналіста, Кіеў дамагаецца, каб Лукашэнка спыніў дапамагаць Расіі ў вайне, у тым ліку рэтранслятарамі і пастаўкамі паліва, і каб з тэрыторыі нашай краіны не паўтарыліся ўварванне і абстрэлы, як гэта было ў 2022-м.
«У Лукашэнкі крыху больш за месяц таму пабывала наша дэлегацыя, прадстаўнікі дзяржавы Украіна, дзе яму ўсё наглядна растлумачылі, што калі ён і далей будзе прадастаўляць Расіі тэрыторыю Беларусі для нанясення удараў па тэрыторыі Украіны, значыць, мы будзем біць па тэрыторыі Беларусі», — сказаў Гардон, адзначыўшы, што «мірных беларусаў» атакаваць ніхто не будзе, бо «мы вельмі любім беларускі народ і ставімся да яго з вялікай сімпатыяй».
Гардон пералічыў аб’екты, якія «прадстаўляюць для Украіны цікавасць»:
«Два нафтаперапрацоўчыя заводы — у Мазыры і ў Наваполацку — якія з’яўляюцца лакаматывамі беларускай эканомікі, а таксама па „Беларуськалію“, які з’яўляецца галоўным лакаматывам беларускай эканомікі. Мы іх зруйнавам, мы зруйнавам ваенныя аб’екты, мы зруйнавам, не выключана, і палац Лукашэнкі. Лукашэнка, які добра бачыў удары Украіны па Маскве і па Піцеры, разумее, што гэта не жарты. Ніхто з ім цырымоніцца не будзе».
Да Мазырскага НПЗ ад украінскай мяжы — 40 км, «на яго і дроны можна не траціць, можна артылерыяй ударыць», — сказаў журналіст. Ён упэўнены, што беларуская армія ніяк не дапаможа:
«Арміі, каб абараніцца, у яго няма, ды і не будзе армія ўпрэгвацца за яго, бо ратаваць ж..пу Лукашэнкі не ўваходзіць у планы нармальных беларусаў. Таму ён спыніў тое, што рабіў раней, і думаю, што ён не будзе гэтага рабіць болей. Асабліва сёння, калі ўвесь свет бачыць, як украінскія дроны, як у сябе дома, лётаюць у небе над Расіяй. А што ўжо казаць пра Беларусь?»
Гардон падсумаваў, што ў Лукашэнкі «трэба назаўсёды адбіць ахвоту да любой дапамогі Расіі, якая ўжо чатыры з паловай гады ажыццяўляе беспрэцэдэнтную паводле сваёй жорсткасці, нахабнасці агрэсію супраць Украіны».
«Лукашэнка паўинен жыць у пастаянным страху, і мы гэта яму забяспечваем», — заявіў журналіст.