Другія суткі застаецца закрытай мяжа Беларусі з Латвіяй
- 2.08.2026, 14:59
- 1,072
За гэты час латвійскія памежнікі ўсё ж прапусцілі восем легкавых аўтамабіляў.
Пераход «Рыгораўшчына – Патэрніекі» на мяжы Беларусі з Латвіяй не працуе з вечара пятніцы. У Рызе афіцыйна кажуць, што праблема там тэхнічная, але не ўдакладняюць, калі пункт пропуску адкрыецца, перадае «Белсат».
Увечары 31 ліпеня Улады Латвіі паведамілі пра часовае закрыццё пункта пропуску «Патэрніекі» — апошняга пераходу, які працаваў на мяжы з Беларуссю.
«Назіраюцца тэхнічныя збоі ў працы інфармацыйных сістэм, з-за чаго памежны кантроль на дадзены момант немагчымы. Прычыны і магчымы час вырашэння праблем пакуль незразумелыя», — паведаміла ў той дзень Памежная ахова Латвіі, і з таго часу дадатковай афіцыйнай інфармацыі не было.
Паводле звестак «Белтаможсэрвісу», цяпер выезду з Беларусі ў Латвію праз «Рыгораўшчыну» чакае адзін легкавік (вадзіцель зарэгістраваўся ў электроннай чарзе раніцай 1 жніўня) і 57 грузавікоў.
У Telegram-чатах падарожнікі сцвярджаюць, што з моманту абвяшчэння пра закрыццё пераходу латвійскія памежнікі ўсё ж прапусцілі 8 легкавых аўтамабіляў, верагодна, дзякуючы дзецям-пасажырам. Некаторым машынам давялося чакаць больш за суткі.
«Такім чынам, зразумела, што «збою» няма. Фізічна перайсці мяжу магчымасць ёсць, яна закрытая ў «ручным» рэжыме», — робяць выснову падарожнікі.
Тым часам нельга сказаць, што пасля закрыцця гэтага пункта пропуску істотна выраслі чэргі на іншых пераходах. У Брэсце цяпер, паводле даных Дзяржаўнага памежнага камітэта, выезду ў Польшчу чакае 500 аўтамабіляў — столькі ж было і ў мінулую нядзелю.
У Бераставіцы ў электроннай чарзе 80 легкавікоў, такая ж колькасць была і тыдзень таму.
У Брузгах цяпер 215 машын. Тут гэта нетыповая колькасць, хоць і не рэкордная: на мінулым тыдні было і 240.
На мяжы з Літвой у пунктах пропуску «Каменны Лог» і «Беняконі» — па 150 аўтамабіляў, такія чэргі там з’яўляюцца часта.