Кітай выцесніў МТЗ з Расіі
2- Андрэй Бронішэўскі
- 19.08.2026, 11:02
- 2,424
Мінскі завод скароціць колькасць дылерскіх цэнтраў у Расіі.
Мінскі трактарны завод збіраецца скараціць колькасць дылерскіх цэнтраў у Расіі. Гендырэктар Тарас Мурог патлумачыў, што прадпрыемства збіраецца зрабіць стаўку на якасць абслугоўвання. Пра рэкордны абвал прыбыткаў ад продажаў у Расіі ў мінулым годзе гендырэктар, вядома, не згадаў.
Згортваемся ў Расіі
На долю Расіі прыпадае 55 працэнтаў продажаў беларускіх трактароў. Таму гадамі завод развіваў там сваю дылерскую сетку. У выніку яна вырасла да 89 дылерскіх цэнтраў і 5 гандлёвых дамоў. Цяпер завод збіраецца ўсё гэта парэзаць.
Паводле слоў гендырэктара, «прадпрыемства пераглядае патрабаванні да сэрвіснага абслугоўвання і мае намер аддаваць перавагу буйным і моцным рэгіянальным партнёрам, здольным забяспечыць неабходную якасць сэрвісу».
Пра іншыя прычыны Тарас Мурог не згадаў. А яны ёсць.
За мінулы год прыбытак Гандлёвага дома МТЗ (Дамадзедава) абваліўся на 55 працэнтаў. Гандлёвы дом МТЗ Татарстан страціў 95 працэнтаў прыбытку. МТЗ Паўночны Захад атрымаў страту ў 38 мільёнаў рублёў, хоць за год да гэтага ён спрацаваў з прыбыткам у 290 мільёнаў.
Па выніку агульны чысты прыбытак усіх пяці гандлёвых дамоў склаў сімвалічныя тры мільёны долараў. Для гіганта беларускай індустрыі і гонару айчыннага машынабудавання сума, можна сказаць, абразлівая. Асабліва на асноўным для яго рынку збыту.
Судзячы па ўсім, сёлета нічога да лепшага не змянілася. За першае паўгоддзе продажы ў Расію скараціліся на 2 працэнты. У лютым Аляксандр Лукашэнка скардзіўся, што ў МТЗ прыбытак не пакрывае выдаткаў на абслугоўванне банкаўскіх крэдытаў. То-бок гігант беларускай індустрыі працуе ў доўг.
Адна з прычын — беларускія трактары прайграюць канкурэнцыю кітайскім.
«У цэнавым дыяпазоне мы ўжо не вельмі можам канкурыраваць [з замежнай тэхнікай, у тым ліку кітайскай], мы зроўняліся па цэнах», — сказаў Мурог.
Таму завод заваблівае пакупнікоў унікальнай беларускай якасцю. Праўда, мяркуючы па падзенні продажаў, атрымліваецца не надта. Асабліва ўлічваючы нарастаючы крызіс у расійскіх аграрыяў.
Стаўка на Афрыку
Па выніках паўгоддзя 30 працэнтаў расійскіх сельгаспрадпрыемстваў афіцыйна лічыліся стратнымі. За мінулы год прыбытак абваліўся на 100 мільярдаў расійскіх рублёў. У паўднёвых абласцях Расіі рэнтабельнасць сельгасвытворчасці складала мінус 11 працэнтаў.
Таму расійскім аграрыям цяпер не да пакупак новай тэхнікі. У выніку продажы трактароў у мінулым годзе абваліліся на 37 працэнтаў, а камбайнаў — у паўтара раза. І сёлета становіцца толькі горш. Украінскія ўдары па порце ў Наварасійску могуць пазбавіць расійскі аграрны сектар траціны экспартнай выручкі. А з-за дэфіцыту бензіна і росту цэн пад пагрозай апынулася ўся ўборачная кампанія.
Такім чынам стаўка на расійскі рынак, куды можна прадаць усё, ізноў не спрацавала. У выніку ён аказаўся не такім бяздонным, як гэта ўяўлялі сабе ў Мінску. Таму гандлёвую сетку, якую стваралі з такой пышнасцю, даводзіцца рэзаць.
Але гэта нічога. Бо перад беларускімі трактарабудаўнікамі цяпер адкрыліся новыя гарызонты. Цяпер яны збіраюцца прадаваць свае трактары ў Афрыку і багацець. У Зімбабвэ завод удзельнічаў у адкрыцці афіцыйнага цэнтра беларускай тэхнікі. Цяпер пачалося праектаванне паўнавартаснага трактарнага завода. У Нігерыі МТЗ плануе стварыць цэлую сетку сваіх дылерскіх цэнтраў. Дык што ўсё, што МТЗ зэканоміць у Расіі, ён выдаткуе на свае афрыканскія праекты.
Андрэй Бронішэўскі, planbmedia.io