З Беларусі могуць выслаць 11 польскіх святароў
1- 16.08.2026, 18:28
- 1,064
Яны не атрымалі дазволу на служэнне.
Яшчэ 11 польскіх каталіцкіх святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі могуць пакінуць Беларусь, паколькі яны не атрымалі дазволу ад Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей на працяг рэлігійнай дзейнасці, а «некаторыя атрымалі такі дазвол на мінімальны тэрмін», паведамляе ініцыятыва «Хрысціянская візія».
Адзначаецца, што ў сувязі з гэтым старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Іосіф Станеўскі накіраваў просьбу да Аляксандра Лукашэнкі аб «падаўжэнні дазволу на служэнне гэтых святароў у Беларусі».
Называецца прозвішча аднаго з 11 святароў — Раман Шульц, які служыў у Беларусі з 2007 года. Паведамляецца, што з ім ужо «развіталіся» 15 жніўня падчас імшы з нагоды ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў катэдральным касцёле ў Магілёве.
«Гэты манах з ордэна дамініканцаў таксама не атрымаў дазволу на далейшую рэлігійную дзейнасць у Беларусі і павінен пакінуць краіну ў бліжэйшыя дні, — гаворыцца ў публікацыі. — Амаль 15 гадоў ён быў адміністратарам парафіі святога Казіміра і святой Ядвігі ў Магілёве, праводзіў штогадовы Ружанцовы кангрэс, быў ініцыятарам іншых мерапрыемстваў, аўтарам публіцыстычных матэрыялаў у каталіцкай прэсе Беларусі».
Падкрэсліваецца, што згаданая імша ў магілёўскім храме прайшла з удзелам апостальскага нунцыя ў Беларусі, архібіскупа Ігнацыё Чэфалія, Станеўскага і генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Аляксандра Яшэўскага.