66-гадовая беларуска ўзняла бела-чырвона-белы сцяг над гарой Нанга-Парбат
3- 16.08.2026, 18:42
- 2,976
Гэта дзявятая па вышыні вяршыня свету.
Беларуска Лілія Яноўская 1 ліпеня 2026 года паднялася на вяршыню Нанга-Парбат вышынёй 8126 метраў у Пакістане, у горным рэгіёне Гілгіт-Балтыстан. Гэта дзявятая па вышыні гара свету і ўжо адзінаццаты з чатырнаццаці васьмітысячнікаў, якія пакарыла альпіністка. У 66 гадоў Яноўская стала найстарэйшай жанчынай у гісторыі, што дасягнула гэтай вяршыні. Пра небяспечныя ўчасткі без страхоўкі, атручэнне падчас акліматызацыі, узрост у вялікім альпінізме і тры вяршыні, што засталіся да пакарэння ўсіх 14 васьмітысячнікаў, Лілія распавяла «Белсату».
«Гара-забойца» — не перабольшанне
Дасягненне вяршыні Нанга-Парбат для Яноўскай стала перадусім пацвярджэннем таго, што пасля дзесяці папярэдніх васьмітысячнікаў яна ўсё яшчэ здольная вытрымаць вельмі цяжкае выпрабаванне. Але на вяршыні, кажа альпіністка, яна не адчула эйфарыі.

«Я доўга не магла падабраць дакладнае слова для таго, што адчувала. Урэшце знайшла для сябе англійскае «humbled» — пачуццё пакоры перад веліччу гары. Умовы былі даволі цяжкія, і менавіта таму пакора адчувалася так моцна: гэта было ціхае, унутранае пачуццё, зусім не падобнае да эйфарыі або трыумфу», — распавядае яна.
Нанга-Парбат лічыцца адной з самых небяспечных гор свету, і, паводле слоў Яноўскай, гэтая рэпутацыя цалкам адпавядае сапраўднасці. На маршруце ёсць вузкія кулуары, па якіх пастаянна сыходзяць лавіны. Іх трэба праходзіць як мага хутчэй, бо спыняцца там небяспечна. Пасля 11–12-й гадзіны дня пачынаюцца каменепады: сонца награвае схіл, і зверху падаюць камяні і лёд.
«Людзі тут падалі і гінулі менавіта таму, што апыняліся ў гэтых кулуарах не ў той час», — кажа альпіністка.
З Нанга-Парбат звязана і адна з самых трагічных старонак у гісторыі альпінізму. У ноч з 22 на 23 чэрвеня 2013 года ўзброеныя баевікі, пераапранутыя ў форму мясцовай аховы Гілгіт-Балтыстана, акружылі базавы лагер на дыямірскім баку гары. Яны звязалі і расстралялі адзінаццаць чалавек — замежных альпіністаў розных нацыянальнасцяў і мясцовага гіда. Адказнасць за напад узяў на сябе пакістанскі «Талібан», назваўшы атаку помстай за амерыканскія ўдары беспілотнікамі.

Яноўская распавядае, што праз трынаццаць гадоў пасля трагедыі іх экспедыцыя размясцілася фактычна на тым самым месцы.
«Праз трынаццаць гадоў, у першы дзень майго знаходжання на тым жа месцы, мы знайшлі адстрэляную гільзу проста каля палаткі — напамін пра трагедыю, якая менавіта там і адбылася», — распавядае Яноўская.
З гэтай жа гарой звязаная і гісторыя братоў Рэйнхольда і Гюнтэра Мэснэраў. У 1970 годзе яны першымі здзейснілі траверс Нанга-Парбат, але падчас спуску Гюнтэр Мэснэр загінуў пад лавінай.
Атручэнне магло спыніць экспедыцыю
Найбольш тэхнічна складаным этапам маршруту Яноўская называе сцяну Кінсхофера на падыходзе да другога лагера. Гэта вертыкальная скала, месцамі пакрытая лёдам, на якой засталіся дзясяткі старых вяровак ад розных экспедыцый.

Альпіністы без досведу скалалажання вымушаныя пераважна падымацца з дапамогай жумара — механічнай прылады, што фіксуецца на вяроўцы. Пры гэтым даводзіцца падцягваць рукамі вагу ўласнага цела, экіпіроўкі і заплечніка, што вельмі хутка знясільвае. Тыя, хто мае досвед скалалажання, выкарыстоўваюць вяроўку хутчэй як страхоўку і могуць рухацца значна лягчэй.
Фінальны штурм вяршыні з трэцяга лагера заняў каля адзінаццаці гадзін. Яны выйшлі прыкладна а восьмай вечара і ішлі ўсю ноч без доўгіх прыпынкаў.
У нейкі момант Яноўская ўсур’ёз разглядала магчымасць спыніць узыходжанне.
Падчас акліматызацыйнай ратацыі, калі яна знаходзілася ў першым лагеры і рыхтавалася ісці ў другі, сярод ночы ў яе пачаліся моцныя болі ў страўніку і ваніты.
Найбольш верагоднай прычынай альпіністка лічыць забруджаную ваду. У высокагорных лагерах снег для пітной вады бяруць непадалёк ад палатак, дзе адначасова жыве шмат людзей. Пазней у адной з бутэлек яна заўважыла на дне нешта непразрыстае, падобнае да рэшткаў жывёлы або птушкі.
«У той дзень я адчувала сябе настолькі хворай і знясіленай, што не была ўпэўненая, ці змагу працягваць. Нават сама думка пра тое, што давядзецца спускацца ў базавы лагер у такім стане, мяне вельмі палохала», — кажа яна. Яноўская прыняла лекі, якія былі з сабой, адпачывала і піла чыстую ваду. Ужо на наступны дзень стан палепшыўся настолькі, што яна змагла ісці далей.
У гарах, падкрэслівае яна, разлічваць на нармальную медыцынскую дапамогу практычна немагчыма.
«Розныя праблемы — ад звычайнага знясілення да гарнай хваробы або атручэння — могуць даваць вельмі падобныя сімптомы, і дыягназ даводзіцца ставіць самой, зыходзячы толькі з уласнага досведу», — тлумачыць яна.
Пасля атручэння альпіністка разлічвала атрымаць хаця б некалькі дзён на адпачынак і аднаўленне. Але прагноз надвор’я гэтага не дазволіў.
Чакаўся моцны снегапад, які мог працягвацца тыдзень або нават дзесяць дзён. Гэта фактычна азначала б канец сезона. Таму пасля акліматызацыйнай ратацыі група пераначавала ў базавым лагеры і менш чым праз суткі зноў адправілася ўгару — ужо на штурм.
«Мы былі недастаткова акліматызаваныя, я ўсё яшчэ аднаўлялася пасля атручэння, але гэта было адзінае акно надвор’я, якое ў нас было. У такіх сітуацыях спрацоўваюць досвед і чыстае ўпартства», — распавядае Лілія.
Яноўская кажа, што ў нейкі момант чалавек проста збірае ўсю волю і працягвае ісці, бо разумее, што іншага шанцу можа і не быць.
«Было «нельга», а стала — «а чаму не?»
У 66 гадоў Яноўская стала найстарэйшай жанчынай, што паднялася на Нанга-Парбат. Але сама яна не ўспрымае гэта як галоўны трафей. Куды важней для яе змяненне стаўлення навакольных.

Калі Лілія толькі вырашыла паспрабаваць падняцца на Эверэст, ёй і яе сям’і тэлефанавалі знаёмыя і спрабавалі адгаварыць ад экспедыцыі.
«Казалі, што нельга, бо, па-першае, я жанчына, а па-другое — «ужо ўзрост». Жанчыны майго ўзросту проста не робяць такіх рэчаў. Нельга», — успамінае яна.
Цяпер многія з гэтых людзей сталі яе блізкімі сябрамі і падтрымліваюць новыя ўзыходжанні.
«І менавіта гэтая змена ў людзях для мяне значна каштоўней за любыя рэкорды. Было «нельга», а стала — «а чаму не?», — кажа яна.
Паводле слоў Яноўскай, з узростам фізічная падрыхтоўка змянілася не так моцна, як можна было чакаць. Затое з кожнай экспедыцыяй расце псіхалагічная ўстойлівасць.
«Маючы досвед папярэдніх экспедыцый, я дакладна ведаю, чаго чакаць — і ад уласнай галавы, і ад цела, і ад самой гары», — распавядае Лілія.
Нанга-Парбат аказалася для Яноўскай складанейшай, чым яна чакала, нават пасля К2 і Канчэнджунгі. На Эверэст, Лхоцэ і Макалу, паводле яе слоў, там заўсёды працуе шмат альпіністаў і шэрпаў, таму значная частка маршрутаў на сезон абсталёўваецца фіксаванымі вяроўкамі. На пакістанскіх гарах людзей значна менш.
Падчас гэтай экспедыцыі на Нанга-Парбат вяроўкі былі замацаваныя толькі на асобных участках. У іншых месцах даводзілася ісці ў звязцы з шэрпам або цалкам самастойна, без фіксаванай страхоўкі.
Асабліва востра страх адчуваецца бліжэй да вяршыні, дзе схіл становіцца вельмі стромкім, ледзяным і асыпным.
«Замацаванай вяроўкі няма, ніякай страхоўкі. Адна памылка або страта ўвагі на секунду можа каштаваць усяго: калі паслізнешся і пачнеш падаць, спыніць гэтае падзенне будзе проста няма чым, і паедзеш уніз да самага канца», — тлумачыць Лілія.
«Шэрпа — таксама чалавек, ён не абавязаны рызыкаваць сабой дзеля цябе»
Пасля адзінаццаці васьмітысячнікаў змянілася і стаўленне Яноўскай да адказнасці ў гарах. Яна падкрэслівае: нават калі побач ёсць шэрпа, альпініст не можа цалкам спадзявацца на іншага чалавека. Шэрпа — прадстаўнік народа шэрпаў з Гімалаяў; у альпінісцкіх экспедыцыях гэтым словам часта называюць высокагорных праваднікоў і памочнікаў, якія суправаджаюць альпіністаў, дапамагаюць з маршрутам, рыштункам, кіслародам і бяспекай.
«Добра, вядома, мець надзейнага шэрпу побач, але шэрпа — таксама чалавек: ён не абавязаны рызыкаваць сабой дзеля цябе і перадусім павінен клапаціцца пра ўласную бяспеку», — кажа яна.
Яноўская ўзгадвае, што на Эверэст яе ўласны шэрпа аднойчы пакінуў яе без кіслароду і дапамогі.
«Там, уверсе, кожны перадусім ратуе сябе. Вядома, больш з гэтым шэрпам я не хадзіла», — тлумачыць яна.
Яна таксама кажа, што ў камерцыйным альпінізме каманда не заўсёды існуе ў тым сэнсе, як гэта часта ўяўляюць людзі звонку. Кожны ўдзельнік рухаецца ў сваім тэмпе, а сустракаюцца людзі пераважна ў лагерах.
Сапраўднае давер будуецца гадамі і шматлікімі экспедыцыямі. Свет вышыннага альпінізму невялікі, таму з сезона ў сезон людзі сустракаюць адзін аднаго на розных гарах і паступова разумеюць, на каго могуць абаперціся.
Пасля вяршыні трэба яшчэ вярнуцца дадому
Дасягненнем вяршыні экспедыцыя не заканчваецца. Пасля Нанга-Парбат Ліліі яшчэ некалькі дзён трэба было выбірацца з гор.
У Непале альпініста часам можа забраць верталёт проста з базавага лагера. Але Каракарум у Пакістане — гэта мілітарызаваная памежная зона, таму такой магчымасці няма.
Удзельнікі экспедыцыі два дні пешшу спускаліся ад базавага лагера прыкладна да вышыні 2500 метраў. Потым быў доўгі пераезд на джыпе, начоўка, аўтобус і некалькі авіяпералётаў.
«За экспедыцыю я губляю і вагу, і мышачную масу, а на поўнае аднаўленне сыходзіць некалькі тыдняў: адпачынак, сон, добрае харчаванне», — распавядае яна.
Цяпер у спісе Яноўскай 11 з 14 васьмітысячнікаў свету: Нанга-Парбат, Канчэнджунга, Аннапурна, Макалу, Лхоцэ, Дхаўлагіры, Гашэрбрум II, К2, Эверэст, Манаслу і Чо-Ойю.
Першапачаткова канкрэтнай мэты падняцца на ўсе 14 васьмітысячнікаў у яе не было. Яна, кажа альпіністка, сфармавалася паступова, з кожнай новай гарой.
Цяпер засталіся тры вяршыні: Шышабангма ў Тыбеце, Броуд-Пік і Гашэрбрум I у Пакістане.
На Шышабангму Яноўская спадзяецца адправіцца восенню, але ўсё залежыць ад дазволу кітайскіх уладаў. Броуд-Пік і Гашэрбрум I яна плануе на наступны летні сезон.
Што будзе пасля ўсіх чатырнаццаці, яна пакуль не ведае. Сярод варыянтаў, пра якія Яноўская кажа ў жарт, — яшчэ раз падняцца на Эверэст з кітайскага боку, паспрабаваць зімовае ўзыходжанне або нават з’ехаць з нейкай вяршыні на лыжах.
Галоўны ўрок Нанга-Парбат для яе — неабходнасць быць гатовым да нечаканасцяў. Надвор’е, стан маршруту, самаадчуванне і планы могуць змяніцца вельмі хутка.
«З узростам я ўсё лепш разумею: лішняй падрыхтоўкі не бывае. Чым лепш ты падрыхтаваўся да нечаканасцяў, тым больш шанцаў у патрэбны момант прыняць правільнае рашэнне», — падсумоўвае яна.