У мінскім аэрапорце заўважылі сакрэтны самалёт
8- 16.08.2026, 22:15
- 21,058
Салон-люкс разлічаны ўсяго на 25 пасажыраў.
Новы авіяперавозчык будзе выконваць палёты ў Нацыянальны аэрапорт Мінск. Пра гэта стала вядома амаль выпадкова — дзякуючы фота, апублікаваным у Telegram-канале MSQ.SPOTTER.
На ім зафіксаваны самалёт McDonnell Douglas MD-87, канфігурацыя салона якога разлічана на 25 пасажыраў.
«Гэта ўжо не звычайны бізнес-клас, а сапраўдны ўзровень люкс. Крэслы раскладваюцца ў паўнавартасныя спальныя месцы, ёсць асобная зона для перамоваў і прыватная прастора», — паведамілі ў канале.

Там адзначылі, што ВІП-кампаноўкі на MD-87 сустракаюцца надзвычай рэдка, а ў нашым рэгіёне — асабліва.
Куды ляціць гэты самалёт
Энтузіястам удалося прасачыць гісторыю борта, зафіксаванага на фота. Яна даволі цікаўная.
Яго выпусцілі ў 1992 годзе, і раней яго эксплуатавалі ў Japan Airlines, потым ён быў у бізнес-авіяцыі. Аднак у 2025-м яго набыла кампанія Atlas Air з Ірана. Перавозчык працуе з 2011 года, але актыўна развіваць ВІП- і чартарныя перавозкі пачаў зусім нядаўна.
На сайце перавозчыка ўжо можна набыць квіткі па напрамку Тэгеран — Мінск і назад. У адзін бок квіток абыдзецца прыкладна ў 180 млн туманаў (каля Br3,9 тыс.), а рэйс туды-назад — у 400 млн туманаў (амаль Br8 тыс.).
Палёты плануюцца кожную нядзелю, а першы рэйс прызначаны ўжо на 16 жніўня. Але пакуль MD-87 няма ў раскладзе мінскага аэрапорта.