Сабаленка — зорка ў тэнісе, але прыстасаванка ў жыцці
1- Аляксандр Класкоўскі
- 15.08.2026, 17:45
- 1,508
ФОТА: GETTY IMAGES
Гісторыю рухаюць зусім іншыя людзі.
Фота тэнісісткі Арыны Сабаленкі на вокладцы часопіса Time вызвала гарачую дыскусію ў беларускім сегменце Фэйсбуку.
Так, Сабаленка сапраўды дэманструе, што, навучыўшыся добра біць ракеткай па мячу, у сённяшнім камерцыялізаваным спорце можна зарабляць шалёныя грошы.
І калі разважаць у логіцы спадара Кныровіча, то заўтра тысячы, дзясяткі тысяч беларускіх падлеткаў, бяручы прыклад, стануць сусветнымі спартыўнымі зоркамі, пачнуць касіць бабло мільёнамі долараў — і рэжым, не вытрымаўшы такога выкліку патэрналісцкай сістэме, рухне.
Але ж гэта немагчыма: пры ўсім старанні спартсменамі сусветнага ўзроўню становяцца адзінкі з тысяч. А што рабіць астатнім? Што рабіць вясковай дзяўчыне, калі ў радыусе дзесяткаў кіламетраў няма добрага корта?
Скажуць: ну ты перабольшваеш. Можна ж рэалізаваць сябе ў іншых сферах.
Але ў той сістэме, якую стварыў Лукашэнка, дасягнуць вяршыняў у любой сферы можна толькі пры ўмове поўнай лаяльнасці.
Сістэма адбірае не самых разумных, а тых, хто прыстасоўваецца, дэманструе адданасць рэжыму. Ці проста башляе каму трэба. Гэта калі казаць, напрыклад, пра бізнес. На кані не самыя прадпрымальныя, а тыя, хто, напрыклад, грае ў адной хакейнай камандзе з Лукашэнкам.
Немагчыма раскрыць свае магчымасці таленавітым педагогам, вучоным, калі яны мысляць незалежна. Трэба дзьмуць у дуду дзяржаўнай ідэалогіі.
Тое самае і ў іншых сферах. Нелаяльных адусюль вычышчаюць. Таму прапанова браць прыклад з Сабаленкі ў плане самарэалізацыі падаецца крывадушнай. Большасць у грамадстве складаюць тыя, каму ў прынцыпе не свеціць Маямі.
І для іх перспектыва — гэта змена рэжыму.
Дык не трэба прыніжаць тых, хто фатаграфуецца пад бчб-сцягамі.
Пад гэтымі сцягамі ў 2020-м сотні тысяч беларусаў выходзілі за змены. За гэта гінулі, за гэта многія прайшлі праз катаванні, турму, многія застаюцца за кратамі. І што, гэта важыць меней, чым глянцавая ўсмешка спартсменкі з канфармісцкай псіхалогіяй на вокладцы заходняга часопіса?
Сабаленка яўна хоча праскочыць паміж кроплямі. Спачатку нібыта выступіла супраць гвалту ў 2020-м, але не назвала, хто ў ім вінаваты. Потым падпісала ліст у падтрымку Лукашэнкі, прысутнічала на яго навагоднім балі.
Паказальныя яе перажыванні, выказаныя ў вялікім інтэрв’ю Time. Аказваецца, пасля таго, як Расія пры саўдзеле рэжыму Лукашэнкі развязала шырокамаштабную вайну супраць Украіны, асобныя ўкраінскія трэнеры пачалі казаць гэтай вытанчанай асобе «вельмі, вельмі агідныя рэчы», так што яна «істэрычна плакала», пачала горш трапляць па мячу і мусіла звярнуцца да псіхолага.
Ну што значыць гібель тысяч і тысяч украінцаў у параўнанні з гэтымі пакутамі зоркі, праўда?
Чамусьці здаецца, што калі б яна адкрытым тэкстам сказала тым трэнерам, што асуджае мінскі і маскоўскі рэжымы за агрэсію, то пытанні асабіста да яе адпалі б.
Але ў тым жа інтэрв’ю Сабаленка адмовілася адказваць на пытанне, ці падтрымлівае яна Лукашэнку як саюзніка Пуціна.
І невыпадкова нядаўна прымалі яе ў Беларусі з хлебам-соллю, з асвятленнем візіту ў дзяржаўнай прэсе. Прапагандзе выгадна паказваць сусветную знакамітасць як свайго чалавека. А ёй, у сваю чаргу, бачна, выгадна дэманстраваць канфармізм і, жывучы на «гнілым» Захадзе, спакойна прылятаць на бізнэс-джэце на гістарычную радзіму, каб паказаць сваякам жаніха.
Карацей, варта размежаваць дзве рэчы. Так, Сабаленка — яскравая тэнісная зорка. Але як асоба гэта, на мой погляд, звычайная прыстасаванасць.
Такіх людзей шмат, і іхняя жыццёвая філасофія па-свойму зразумелая. Аднак гісторыю рухаюць наперад зусім іншыя людзі — тыя, хто здольны многім ахвяраваць дзеля сваіх прынцыпаў. Канечне, калі яны ёсць.
Аляксандр Класкоўскі, Belsat