Пуцін і пацемкіншчына
- Канстанцін Эгерт
- 15.08.2026, 18:33
- 2,470
У Пекіне даўно ведаюць, што хаваюць крамлёўскія дэкарацыі.
У савецкі час сярод вайскоўцаў стаўленне да супрацоўнікаў КДБ было нярэдка амаль адкрыта варожым. Гэта не дзіўна: трэцяе ўпраўленне савецкай тайнай паліцыі, што называецца, «наглядала» за арміяй праз сетку так званых «асаблівых аддзелаў», якія ў арміі ненавідзелі.
Пуцін у мундзіры — і ў бяспецы
У гады тэрміновай службы я часта чуў ад саслужыўцаў: «Кагэбэшнікі нават форму насіць не ўмеюць. Яны яе толькі на 7 лістапада апранаюць!» І праўда — супрацоўнікі ГБ большую частку часу насілі цывільнае, каб не «свяціць» званні нават перад сваімі, не кажучы ўжо пра іншых савецкіх грамадзян. Такая была воля партыі, і многія афіцэры КДБ перажывалі, што нават пасля павышэння ў званні мала хто зможа ўбачыць новыя зоркі на пагонах. Пуцін любіць пры кожным пратакольна зручным выпадку апранаць форму. Падазраю, што ён не толькі «адыгрываецца» за тыя часы, калі не мог насіць мундзір, але і лічыць, што так выглядае больш уражліва і «начальніцка».

Вось і падчас паездкі на вучэнні Ціхаакіянскага флоту Расіі ён прыбыў на ваенны карабель у касцюме, але для далейшай здымкі быў у марскім варыянце формы вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброеных Сіл Расіі. Праўда, каб у бяспецы наведаць «сваіх» маракоў, галоўнакамандуючы мусіць сёння ляцець менавіта і толькі на Далёкі Усход. Бо там яго са світай гарантавана не дастануць украінскія дроны. Ды і караблі там маюцца — у адрозненне, напрыклад, ад Чарнаморскага флоту.
З'яўленне Пуціна перад тэлекамерамі ў дзіўнай (без пагонаў) форме галоўнакамандуючага павінна было данесці да праціўніка важны для Крэмля пагрозлівы пасыл — «Расія застаецца вялікай дзяржавай». Менавіта падчас вучэнняў ён вырашыў пагразіць захопам суднаў заходніх краін у выпадку затрымання суднаў расійскага «ценявога флоту».
Раздражняльнік для Токіа
Цвіком праграмы рэгіянальнага турнэ стаў першы для расійскага дыктатара візіт на адзін з чатырох астравоў Курыльскай грады — Ітуруп. У Японіі гэтыя астравы называюць «паўночнымі тэрыторыямі» і лічаць незаконна акупаванымі з парушэннем шэрагу савецка-японскіх дамоўленасцяў 1950-х гадоў. Гэтая праблема засталася нявырашанай і пасля краху СССР. Хоць Расія, як і Савецкі Саюз, сцвярджае, што ніякай праблемы няма і астравы назаўсёды расійскія.
З усіх савецкіх і расійскіх кіраўнікоў дзяржавы на іх бываў толькі Дзмітрый Мядзведзеў — у 2010 годзе. Сёння гэта амаль такая ж далёкая гісторыя, як Смутны час. Прыезд Пуціна быў задуманы менавіта як раздражняльнік для Токіа. Японія афіцыйна ўнесеная ў спіс «нядружалюбных дзяржаў» як краіна, што далучылася да санкцый. Цэлы шэраг праграм рэгіянальнага супрацоўніцтва, што існавалі шмат гадоў, Масква закрыла. МЗС Японіі, як і чакалі ў Крамлі, выклікаў пасла Расіі і выказаў яму пратэст. Дарэчы, нічога новага: у штогадовым дакладзе аб выкліках і пагрозах бяспецы Японіі міністэрства абароны ў Токіа зноў назвала сярод іх палітыку Кітая і ягонае супрацоўніцтва з Расіяй.
Аднак, здаецца, дыктатар ставіў перад сабою больш сур'ёзную задачу, чым проста дапячы Токіа (дапёк, але не больш за тое) або спыніць тых, хто можа паспрабаваць захапіць «яго» танкеры (не спыніць).
Пуцінскае турнэ павінна было прадэманстраваць: Расія застаецца азіяцкай дзяржавай са сваімі ўласнымі інтарэсамі. Крэмль спрабуе паказаць усяму свету, але перадусім Сі Цзіньпіну, што Расія — не васал Кітая. Гэта «сігнал» і для той часткі расійскай бюракратыі, якая незадаволеная растучай залежнасцю РФ ад рэжыму ў Пекіне: «Без панікі, усё пад кантролем! Мы па-ранейшаму вялікія».
Пуцін намякае Сі Цзіньпіну
Аднак апрананне мундіра галоўнакамандуючага і абстрактныя пагрозы нікога не ўражваюць, перадусім — нікога ў Пекіне. Колькасць расійскіх узброеных сіл на Далёкім Усходзе — дзяржаўная таямніца. Але, паводле дадзеных заходніх экспертаў, яна не перавышае ўсяго толькі 100–120 тысяч вайскоўцаў. Якасць расійскай зброі — даволі сярэдняя. Для стварэння БПЛА ў ВПК Расіі не абысціся без дапамогі Кітая і Ірана.
Дэмаграфічны і эканамічны разрыў з той жа КНР — драматычны. Насельніцтва Сібірскага і Далёкаўсходняга федэральных акругаў Расіі — 25 млн чалавек. Насельніцтва кітайскіх правінцый, што мяжуюць з Расіяй, — 100 млн. Сукупны рэгіянальны прадукт Сібіры і Далёкага Усходу — 400–450 млрд долараў. ВРП кітайскіх правінцый Ляанін, Цзілінь, Хэйлунцзян і Унутраная Манголія — 1,5–1,8 трлн. Расійскія ўсходнія рэгіёны жывуць у асноўным за кошт здабычы і экспарту сыравінных рэсурсаў. Кітайскія прыгранічныя — гэта нафтахімія (перш за ўсё перапрацоўка расійскай нафты), транспартнае машынабудаванне, дрэваапрацоўка і цэлюлозная вытворчасць, аграпрам і (усё часцей) — воблачныя тэхналогіі і цэнтры апрацоўкі даных.
Два светы — два ласосі
Канстраст з Паўднёвай Карэяй і Японіяй не менш разючлы, асабліва ў сферы якасці жыцця і тэхналагічнага развіцця. Рыбны камбінат, які Пуцін наведаў на Ітурупе, — яскравая ілюстрацыя разрыву. Аналагічнае прадпрыемства на японскім востраве Хакайда апрацоўвае 50, максімум 100 тон рыбы ў суткі, але круглы год. Расійскі камбінат — да 600 тон, але галоўным чынам у перыяд пуціны. На японскім людзей мала, затое высокая ступень рабатызацыі. На расійскі завод сезонна прыцягваюцца масы рабочых. Японская вытворчасць амаль безадходная — знаходзяць прымяненне і рыбнай скуры, і касцям. Ітурупскі ж камбінат вырабляе масу адходаў. Японцы дбаюць пра падтрымання экалагічнай раўнавагі і самаўзнаўлення папуляцыі рыб. Расійскія рыбаводы штогод пасля масавага вылаву займаюцца яе тэрміновым аднаўленнем. І так адбываецца практычна ў любой сферы эканомікі.
Сібір і Далёкі Усход нават не цягнуць на званне «пацемкінскай вёскі». Таму што і ў Токіа, і ў Сеуле, і, вядома, у Пекіне даўно ўжо ведаюць, што хаваюць дэкарацыі, якія паказваюць Пуціну пад тэлекамеры ВГТРК.
Канстанцін Эгерт, Deutsche Welle